Этнакрама «Лёля» пачала працаваць у Гародні



Вырабы паўсотні беларускіх майстроў згуртавалі на сваіх паліцах гаспадары новай этнакрамы «Лёля», якая некалькі дзён таму пачала дзейнічаць у Гародні. Разнастайныя ўпрыгожванні, торбачкі, чорную кераміку, абробленую воскам і малаком і нават завушніцы з тытану можна знайсці ў «Лёлі». «Рэчы, створаныя майстрамі не надакучваюць і не захламляюць хаты», — лічыць гаспадарка крамы Дар’я.

— Канешне гэта каштоўнасць, калі чалавек працаваў, укладаўся і гэта ад душы — гэта ўнікальная рэч і кожны тут можа падабраць на свой густ. Напрыклад, чалавек, які любіць тое, што стварыў майстар і яны супадаюць у гэтым — гэта падвоеная радасць. Лёля — багіня нашых продкаў, яна адказвала за прыгажосць, за каханне, за вясну, за росквіт. І гэта, на мой погляд, вельмі звязана з працамі майстроў, бо яны даюць радасць.  

Будучы ў горадзе над Нёманам, этнакраму «Лёля» можна наведаць па адрасе: вул. Вялікая Траецкая 7.

Беларускае Радыё Рацыя