“Еўропы без лаціны нам не ўбачыць, як свайго носа!”



У часе колішняга інтэрв’ю агенцтву “Bloomberg” Аляксандр Лукашэнка чарговым разам заявіў пра жаданне палепшыць дачыненні з Захадам і з ЗША. Але ці гатовыя мы ў літаральным сэнсе да супрацоўніцтва з цывілізаваным светам, дзе ў дзелавой дакументацыі ды перапісцы, у прыватнасці, ужываецца лацінка? Задаўся пытаннямі Сяргей Карчыцкі, адзін з двух (! ) выкладчыкаў лацінскай мовы, што засталіся ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

LacinaРР: Што сёння уяўляе сабе ў Беларусі выкладанне лаціны?

СЯРГЕЙ:

  • Ацэнка – нездавальняючая! Напрыклад, у лінгвістычным я выкладаю адзін (! ) семестр 34 аўдыторных гадзіны. Чаму за гэты час можна навучыць?! Толькі павярхоўнаму веданню марфалогіі, кароткім звесткам з гісторыі мовы. Пару-тройку тэкстаў завучваем ды чытаем разам са студэнтамі – “Ойча наш”, “Аve Mаria” ды міжнародны студэнцкі гімн “Gaudeamus”. Некалі быў экзамен па латыні, зменены на дыферэнцыйны залік. Праўда, у Гомельскім універсітэце латынь на філфаку выкладаецца тры семестры. Нібы, ёсць курсы ў юрыстаў, гісторыкаў, медыкаў, але іх нельга назваць сур’ёзнымі. У апошніх яна толькі тэрміналагічная…

РР: Такая вось прафесійная адзінота… Але ў большай ступені яна тычыцца, відаць, грэцкай мовы?

СЯРГЕЙ:

  • Толькі ў БДУ ды ў Гародні ёсць аддзяленні, дзе на яе праводзяцца мізэрныя наборы раз у 5 год. Як агульнаадукацыйная дысцыпліна, старажытнагрэцкая мова нідзе ў краіне не выкладаецца.

РР: Але наколькі важная лаціна для будучага еўрапейскага выбару Беларусі?

СЯРГЕЙ:

  • Паўтара тысячагоддзя лаціна ў Еўропе з’яўляецца інтэграцыйнай мовай. Вельмі значная для падрыхтоўкі будучых навуковых спецыялістаў, бо гэта міжнародны агульны сродак разумення навуковай тэрміналогіі. Ці можа ў Беларусі, дзе на вачах руйнуецца прыкладная навука, гэта ўжо не праблема?! Мне таксама немагчыма ўявіць значнага адмыслоўцу-гуманітарыя, які б не валодаў хоць на пэўным узроўні лацінай. Пра гэткіх “гора-аўтараў” падручнікаў для гуманітарных дысцыплінаў, зрэшты, пісаў наш прафесар Акулаў – як пра тых, што “не разумеюць, пра што яны пішуць”. А паколькі навуковае эсперанта складаецца з каранёў лацінскай і старажытнагрэцкай моў, для большасці “нашых” яно назаўжды зачыненае. Але ж на лаціне напісаная істотная – і не горшая – частка беларускай літаратуры. Успомніць хаця б “Karmen de bizontis” – “Песню пра Зубра” Міколы Гусоўскага! А Высліцкі, Скраблеўскі, Намыслоўскі, Андрэй Валян! Дый нават Радзівілы пісалі вершы на лацінскай мове. Быў у камандзіроўцы ў Нясвіжскім каледжы, што знаходзіцца ў будынку былога кляштара бенедыктынак 16 стагоддзя. У фарным касцёле, дзе пахаваныя Радзівілы, я знайшоў шмат лацінскіх надпісаў гекзаметрам – старажытнагрэцкім вершаваным памерам, што быў распаўсюджаны і ў Рыме. Але што шакавала – іх вершы не перакладзены на беларускую мову! Значыць, не ведаем сваёй літаратуры ў поўным аб’ёме, як тое належыць усякай цывілізаванай нацыі. Дарэчы, у часе выбараў Абама прачытаў у інтэрнэт-партале “New-Iork Tames” нараканні на тое, што будучы прэзідэнт ЗША не будзе ведаць лацінскай мовы. Гэта вельмі засмучвала аўдыторыю, бо, балазе, 40 з 44 былых прэзідэнтаў яе ведалі добра!

РР: Пажадаем разам пашырэння валадарства лаціны ў Беларусі!

СЯРГЕЙ:

  • Дзякуй!

У спадара Карчыцкага маюцца прапановы па паляпшэнні выкладання ў нас класічных, усюды ўжывальных моў, якія, дзеля патрэбы, могуць быць прадстаўленыя ўладам.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.