Фэнтэзі для аршанцаў



У Воршы прэзентавана раман-казка „Сем камянёў”. Акрамя аўтара Аляксея Шэіна ў горад завітаў папулярны спявак Андрусь Такінданг. Варта адзначыць, што яшчэ перад пачаткам сустрэчы многія госці прэзентацыі актыўна спрачаліся, што ўважаць за фэнтэзі, што ўваходзіць у гэты жанр, а што не. Дарэчы, і сам аўтар кнігі пачаў свой выступ менавіта з тлумачэння. Жанр „фэнтэзі” не распаўсюджаны ў беларускай літаратуры, у той жа час на многіх іншых еўрапейскіх мовах ужо шмат гадоў існуюць творы, вядомыя на ўвесь свет, а раманы такіх „гуру” як Клайв Льюіс і Джон Толкіен рэгулярна экранізуюцца сусветна вядомымі кінакампаніямі. Пра „Хронікі Нарніі” і „Ўладара пярсцёнкаў” ведаюць нават далёкія ад фантазійнай літаратуры людзі.
Задачай Аляксея Шэіна, як прызнаецца сам аўтар, было стварыць такі раман, які б паказаў, што і на роднай мове беларусаў можна пісаць „фэнтэзі”. Але, як зазначае пісьменнік, выключна якаснага тэксту не хапіла б — каб замацаваць жанр, каб зрабіць твор прывабным для падлеткаў, якія з’яўляюцца, так бы мовіць, мэтавай аўдыторыяй падобных кніг, неабходныя былі ілюстрацыі. Іх быў запрошаны зрабіць Раман Сустаў, якога многія беларусы ведаюць праз удзел у праекце Wargaming, што выпусціў кампутарную гульню World of tanks. І ён справіўся са сваёй задачай бліскуча, ілюстрацыі адразу прыцягваюць увагу да кнігі.
Аляксей Шэін даўно хацеў заняцца літаратурай, але за першыя гады „дзеяння” напісаў толькі шэсць старонак, калі быў пад натхненнем. Калі ж аўтар паставіў сабе задачу, як журналісту, пісаць раман пры любых абставінах, выявілая, што натхненне можа прыходзіць і пасля ўпартай работы. А ў працэсе рэдагавання раману-казкі высветлілася, што тыя самыя шэсць старонак, напісаныя ў стане натхнення, — самыя слабыя. Таму пачынаючым літаратарам пісьменнік раіць пісаць пастаянна, а не чакаць, пакуль натхненне ўпадзе на галаву. Андрусь Такінданг заўважыў, што некаторыя госці сустрэчы прыехалі на вечарыну на роварах, а таму распачаў выступ з песні „Ровармэн”. Магчыма, наступны беларускі твор у стыле „фэнтэзі” будзе не пра хлопчыка Яся, які імкнецца раскрыць загадку крышталяў, а пра Ровармэна?
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя