Фестываль арганнай і камернай музыкі ў Гародні (абноўлена)



У Гародні пачаўся ІІ Міжнародны фестываль арганнай і камернай музыкі. На працягу двух тыдняў у лютэранскай царкве святога Яна пройдзе адзінаццаць канцэртаў, у якіх прымуць удзел музыкі з пяці краін. Першым у межах  фестывалю выступіў  вядомы расейскі арганіст Міхал Мішчанка, у выкананні якога прагучалі творы  Баха, Айнэма, Хубера і Бурдона.

Як зазначае ініцыятар правядзення фестывалю, пастар лютэранскай кірхі Уладзімір Татарнікаў, не можа не цешыць той факт, што з кожным годам мерапрыемства набывае ўсё большую вядомасць:

– Я думаю, гэты фестываль стане штогадовым. Прынамсі, мы плануем правядзенне трэцяга фестывалю. Наступны год вельмі важны для лютэранскай царквы – гэта 500-годдзе рэфармацыі. У Нямеччыне гэты год абвешчаны годам рэфармацыі. І я спадзяюся, што ў наступным годзе і мы будзем пад гэтай маркай праводзіць фестываль арганнай музыкі. Ужо вядзем перамовы з вядомымі арганістамі і музыкантамі з Нямеччыны.

Міхаіл Мішчанка – арганіст, музыказнаўца, дацэнт Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі:

– Канцэрт у лютэранскай кірсе – гэта вельмі натуральна. Царква спявае. Марцін Лютэр, які быў заснавальнікам гэтай царквы, заўсёды вітаў любую музыку ў храме.

Барыс Барынаў – альтыст з Санкт-Пецярбурга:

– Мы стараемся прывозіць якасную і незвычайную музыку. Гародні пашанцавала: гарадзенскія гледачы могуць пачуць у адным месцы вось так канцэнтравана штосьці незвычайнае ці абсалютна адмысловае.

Правядзенне фестывалю стала магчымым дзякуючы падтрымцы фондаў Брытэна і Пірса, Готфрыда фон Айнэма і Гэрберта Хаўэлса. Менавіта яны ўзялі на сябе выдаткі, звязаныя з прыездам музыкаў, многія з якіх маюць сусветную вядомасць.

* * *

У Гародні пачынаецца Другі міжнародны фестываль арганнай і камернай музыкі.

get_img (2)

На працягу двух тыдняў у памяшканні лютэранскай кірхі адбудзецца больш дзесяці канцэртаў вядомых выканаўцаў з Беларусі, Расеі, Польшчы, Нямеччыны і Літвы.

Як зазначае ініцыятар правядзення фэстывалю, пастар евангелічна-лютэранскай царквы святога Яна Уладзімір Татарнікаў, правядзенне фэстывалю такога ўзроўню ў горадзе сведчыць пра запатрабаванасць духоўнай музыкі сярод гарадзенцаў і гасцей горада:

– Вельмі шмат жадаючых хочуць прыехаць у горад Гародню, наведаць нас і сыграць на нашым аргане. Вялікае здзіўленне для мяне асабіста ў тым, што вельмі вялікае жаданне людзей прыехаць з розных гарадоў. Людзі абіраюць класічную арганную музыку, людзі патрабуюць гэтай музыкі, патрабуюць такога кшталту фестывалю.

Адкрыццё фестывалю адбудзецца 13 ліпеня а 18 гадзіне ў гарадзенскай лютэранскай кірсе. Першыя пяць дзён выступы будуць мець расейскія музыкі на чале з вядомым арганістам з Пецярбурга Міхаілам Мішчанкам.

get_img

get_img (1)

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня