Фільм „Сярожа” атрымаў узнагароду



Дакументальны фільм „Сярожа”, зняты рэжысёрам Юрыем Калінам для тэлеканала „Белсат”, быў прызнаны найлепшай прэмʼерай VII Міжнароднага кінафоруму ў Днепрапятроўску.

Foto 1

У праграме 4-дзённага фестывалю, які закончыўся 31-га студзеня, паказалі 25 стужак, аўтарамі якіх выступілі творцы з Беларусі, Эстоніі, Грузіі, Украіны, Расеі ды Сербіі.

Фільм „Белсату” „Сярожа” назвалі на кінафестывалі найлепшай прэмʼерай да ўзнагародзілі рэжысёра Юрыя Каліну медалём імя святога Яна Лесвічніка – хрысціянскага багаслова VI стагоддзя, які быў манахам у манастыры святой Кацярыны на Сінаі, абвешчанага святым у Каталіцкім Касцёле і Праваслаўнай Царкве.

Дакументальны фільм Юрыя Каліны „Сярожа” распавядае пра лёс беларускага прадпрымальніка, які нарадзіўся і жыве ў Польшчы.

Герой фільму Сяргей Нічыпарук жыве ў вёсцы Буды ў Белавежскай пушчы. Спачатку ён быў камуністам, пасля скончыў праваслаўную семінарыю ды ўзначаліў суполку антыкамуністычнага прафсаюзу „Салідарнасць”, цяпер мае свой бізнес.

На ягонае жыццё паўплывала гістарычная траўма, і ў гэтым сэнсе ягоная біяграфія – адлюстраванне лёсу цэлай беларускай праваслаўнай меншасці, якая жыве ва ўсходняй частцы Падляшскага ваяводства. Продкі Сяргея паходзілі з невялікай беднай вёскі, стагоддзямі працавалі на раллі, маліліся ў праваслаўнай царкве, са страхам у вачах прымалі кожную змену ўлады, але ў той жа час намагаліся спадабацца новым уладам і прыстасавацца да новых варункаў.

За лаяльнасць беларусаў да камуністычнага рэжыму, які ўсталяваўся ў Польшчы пасля вайны, ім адпомсцілі ўдзельнікі антыкамуністычнага падполля. На Падляшшы адбыліся пагромы некалькіх беларускіх вёсак, у якіх загінулі 79 чалавек. Доўгі час беларусы маўчалі пра забойствы, баючыся чарговай помсты. На падставе гэтай гісторыі адна з самых касавых аўтарак дэтэктываў у Польшчы Катажына Бонда (якая таксама паходзіць з Падляшша) напісала свой сёлетні бестселер „Акулярнік”. У ім, дарэчы, узгадваецца і „Белсат”, і фільм Юрыя Каліны.

belsat.eu