Галісія: мова, Марадона і Купалле



Аўтаномія Галісія плошчай прыблізна роўная нашай Магілёўскай вобласці. 28 красавіка 1981 году Галісія атрымала статус аўтаноміі ў складзе Іспаніі. Колькасць насельніцтва складае каля 2,78 мільёнаў чалавек. Шчыльнасць насельніцтва большая, чым ў сярэднім па Беларусі амаль у два разы.

ispaniya-admin

Галісія размешчана на паўночным захадзе Іспаніі

Галісійская мова ёсць афіцыйнай мовай разам з іспанскай. Галісійская мова (гальега) належыць да заходне-раманскай падгрупы раманскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і і блізкая да партугальскай. Пісьмовасць галісійцаў створана на аснове лацінкі. Біблію на галісійскую мову цалкам пераклалі   ў 1989-1992 гг.

Згодна статыстычных дадзеных у 2001 годзе галісійскай мовай пастаянна карысталася каля 57% насельніцтва, 30% – калі-нікалі, каля 13% – ніколі. Больш 99% разумеюць мову, 91% на ёй размаўляюць, каля 69% – чытаюць і 58% пішуць.

2000px-flag_of_galicia-svg

Нацыянальная сімволіка Галісіі

Калі ў незалежнай Беларусі колькасць людзей, якія штодзённа размаўляюць на беларускай мове, толькі за 10 гадоў (1999-2009), “дзякуючы” “дзяржаўнай падтрымцы мовы” знізілася з 37%  да 23%, то ў залежнай ад Іспаніі аўтаноміі Галісія, наадварот, колькасць людзей якія могуць пісаць і чытаць за 10 гадоў (1991-2001) павялічылася з 34,9% да 57,6% (пішуць) і з 49,3% да 68,7% (чытаюць). Соткі ж тысяч  грамадзян Беларусі, якія чакаюць ад уладаў больш шырокай падтрымкі беларускай мовы і ўпэўненасці на працяг навучання сваіх дзяцей па-беларуску ў ВНУ, свае няспраўджаныя надзеі змушаны адкладаць на потым.

У Галісіі зацікаўлены ўсе ў папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання роднай мовы і найперш структуры самакіравання на нізавых роўнях, на якія уплываюць звычайныя жыхары. Усяго на галісійскай мове размаўляюць больш 3 мільёны чалавек (Іспанія, Амерыка, Еўропа). Дзякуючы дамове паміж упраўленнем адукацыі ўрада Галісіі і ўрада аўтаноміі Кастыліі і Леона, там таксама выкладаюць галісійскую мову. Гэта значыць ужо па-за межамі аўтаноміі Галісія.

Мова Галісіі выйшла з народнай лаціны. З 12-13 ст.галісійская мова, умоўна названая галісійска-партугальскай, становіцца літаратурнаю моваю Іберыйскага паўвострава. Галісійскія аўтары карысталіся славай лепшых стваральнікаў песень, з вуснаў трубадураў гучалі канцігі на галісійскай мове для шматлікіх пірэнейскіх каралеўстваў. Найстарэйшым літаратурным тэкстам верагодна з’яўляецца канціга  1196 году на галісійска-партугальскай мове. У 14 стагоддзі з яе выдзяляюцца асобна партугальская і галісійская мовы. За 16-18 стагоддзі, так званыя “цёмныя стагоддзі”, літаратурных твораў амаль не знойдзена.

У час выдання першай газеты на іўрыце і першай беларускай газеты ”Мужыцкая праўда” (сярэдзіна 19 ст.) у Галісіі адбываецца моўнае і літаратурнае адраджэнне, бо да гэтага мова выкарыстоўвалася  ў побыце.

Напрыканцы 30-ых гадоў 20 стагоддзя з прыходам да ўлады дыктатара Франка, што цікава, нараджэнца Галісіі, афіцыйнае выкарыстанне галісійскай мовы было забаронена. Ён выступаў за цэнтральную ўладу. Незалежнасць краю ад Іспаніі для Франка было пустым гукам. У апошнія ж гады яго кіравання і пасля ягонай смерці пачаўся новы этап адраджэння галісійскай мовы.

Афіцыйны статус мова зноў атрымала толькі ў 1979 годзе.

Аднак ужо 40 гадоў не сціхаюць спрэчкі паміж дзвюма вялікімі групамі –  рэінтэграцыяністамі і аўтанамістамі. У першых ёсць і дробныя плыні, яны падтрымліваюць агульнамоўную прастору з партугальскай. Аўтанамісты трымаюцца самастойнасці мовы. Спрэчкі паміж групамі не даюць знайсці агульную мову не толькі ў арфаграфіі, марфалогіі, лексікаграфіі, але і ў гісторыі мовы.

Знаёмая “хвароба” не толькі “краю свету”, але  і цэнтру Еўропы.

Галісійцам ёсць кім  ганарыцца. Яны памятаюць і ўслаўляюць не толькі сярэднявечнага паэта-трубадура (13-14 ст) Мендыньё, але і Хасэ-Луіса Ферына, пісьменніка, вылучанага ў 1999 годзе галісійцамі на атрыманне Нобелеўскай прэміі, спартоўца Мічэля Сальгада (колішні гулец зборнай Іспаніі па футболе) і пераможцу Тур-дэ-Франс Оскара Перэйру.

Галісійцамі паводле паходжання з’яўляюцца таксама браты Фідэль і Рауль Кастра, прэзідэнт Уругвая Табарэ Васкес, Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры Каміла Хасэ Сэла, сусветнавядомыя спевакі Хуліё і Энрыке Іглесіясы, аргентынскі футбаліст Дыега Арманда Марадона і шмат іншых. Гэта далёка ня поўны спіс знакамітасцяў, якія даў свету невялікі галісійскі народ. З беларусамі ў галісійцаў таксама ёсць пэўнае падабенства. Паводле некаторых крыніцаў, у асобных мясцовасцях галісійцы, як і беларусы, святкуюць Купалле, распальваюць каля вады вогнішчы і скачуць праз іх. Толькі, у адрозненне ад беларусаў, галісійцы больш упэўнена глядзяць у будучыню.

fest-galisija

На адным з фэстаў у Галісіі

Алесь Крой, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя