Гарадзенская “Мова Нанова”: свята мовы працягваецца



На курсах “Мова Нанова Гародня” 22 лютага адбыўся працяг святкавання Дня роднай мовы. Арганізатары вырашылі правесці сустрэчу ў незвычайным фармаце: конкурсы і віктарыны, гарбата і печыва. Для пераможцаў у віктарынах былі святочныя прызы, і кожны з прысутных атрымаў кавалачак вялізарнага торту, які ўпрыгожваў надпіс “Мова Нанова Гародня”і выява аленя Святога Губерта.

Што азначае для гарадзенцаў Дзень роднай мовы, яны распавялі слухачам Беларускага Радыё Рацыя:

– Пра магчымасць сустрэцца з беларускамоўным асяродкам, убачыць цікавых людзей, пачуць іх, сябе ацаніць: што я магу, што не магу. І ісці насустрач.

– Гэта дзень, калі ўздымаюцца пачуцці нашых родных продкаў, усплываюць у памяці іх карані і ўсё тое, што дапамагло з’явіцца нам на свет.

– Па-першае, Дзень роднай мовы для мяне такі дзень, калі можна звярнуць увагу людзей, не толькі тых, хто карыстаецца моваў, але і тых, хто забыўся пра мову, ці можа саромеецца, да гэтага важнага пытання. Нават сваіх сяброў я так віншаваў, якія ўвогуле не карыстаюцца мовай, але ім было прыемна, яны кажуць: трэба пачынаць.

Удзельнікі курсаў таксама стварылі адмысловую віктарыну па гісторыі Гародні, якая неўзабаве з’явіцца на старонках гараденскай “Мовы Нанова” ў сацыяльных сетках.

Беларускае Радыё Рацыя