Гарадзенскі гурт “Кропка К” выдаў альбом “Dobrazol”



“Dobrazol” – такую назву атрымаў новы альбом гарадзенскага гурта “Кропка К”. Новыя песні кардынальна адрозніваюцца ад мінулых, дзякуючы значным пераменам, якія сёлета адбыліся ў складзе гурта.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Лідар калектыва Яўген Кучмейна пераехаў з вёскі ў Гародню, дзе медытатыўную цішыню замяніў гаманлівы шум горада. Акрамя таго да Яўгена Кучмейны далучыліся іншыя музыкі і стварылі сапраўдны гурт.

– Мы «загналіся» больш па маральнай частцы – гэта дабро-зло. І вось мне захацелася максімальна сабраць і дабро, і зло. Але як кажуць сябры, усё ж такі больш злога сабралася. Чыста добрых песень там няма. Ёсць толькі больш добрыя. А ёсць больш злыя. Ёсць увогуле злыя песні. І на гэты раз у нас ужо бэнд. Раней я быў адзін. А зараз ужо тры чалавекі, якія гэта рабілі. Усё самі пісалі. Гэта – самапаглыбленне ўнутр сябе.

Ужывую свой новы альбом  “Dobrazol“ музыкі гурта “Кропка К” запрэзентуюць ў лютым на канцэрце ў Менску. Пакуль што, праслухаць і ацаніць новае “музычнае дзіця” „Кропкі К” можна ў інтэрнэце.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя