Гарадзенскія музыкі адраджаюць мову праз музыку



17 траўня ў Гародні прайшоў канцэрт ў бары “City”. Ім распачалася серыя канцэртаў, аб’яднаныя назвай „Кропка(By)Фэст” і канцэпцыяй – папулярызацыя беларускай мовы.

На канцэрце выступілі мясцовыя гурты, у рэпертуары якіх ёсць песні на беларускай мове. Пра фестываль расказвае Мікалай Скрабец, яго арганізатар і бас-гітарыст гурта „СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”:

– Я не чакаў столькі чалавек. Думаў, будзе каля трыццаці, а па маіх падліках прыйшло каля ста чалавек. Трэба адраджаць у Гародні беларускую мову, і мы хочам адраджаць яе праз музыку. Мы зрабілі фэст, які будзе прасоўваць беларускую мову на андэграундную сцэну Гарадзеншчыны.

Гэтым разам на канцэрце выступілі гурт з жаночым вакалам “Так и надо”, “Малыш & КарлсБерг”, вядомыя сваім каверам на песню “ляпісаў” “Пастушок”, пераможцы Басовішча-2008 гурт “Tłusta Łusta” і арганізатары “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”.

У планах Мікалая правесці яшчэ як мінімум два канцэрты. З яго слоў, на фэсце будуць выступаць не толькі беларускомоўныя гурты, але ў кожнага ў рэпертуары будуць песні ў тым ліку на мове. Можна будзе пачуць як малавядомыя гурты, так і мясцовыя знакамінасці.

Беларускае Радыё Рацыя