“Гарадзенскую беларусачку” абяруць 28 красавіка



28 красавіка ў канцэртнай зале гарадскога цэнтра культуры ў Гародні, адбудзецца фінальнае шоу фолк-конкурсу «Гарадзенская беларусачка-2017”.

Конкурс праводзіцца з мэтай адраджэння беларускіх нацыянальных традыцый, папулярызацыі беларускай мовы і народнай творчасці, прыцягнення ўвагі гродзенскай моладзі да спадчыны беларускай культуры. За амаль два дзесяцігоддзі існавання конкурс прайшоў вялікі шлях развіцця ад лакальнага фальклорнага конкурсу да сапраўднага шоу – свята прыгажосці і беларускасці. Адрадзілі „Гарадзенскую беларусачку” тры гады таму, у межах акцыі “Гародня – культурная сталіца Беларусі”.

Пра адметнасці сёлетняга конкурсу “Гарадзенская беларусачка” распавядае дырэктар фолк-конкурсу Андрэй Чапялюк:

– Кожны год мы намагаемся зрабіць нешта новае. Пасля восьмага сезону конкурса доўгі час не было. Таму калі я ўзяўся за конкурс – то адрадзіў яго. Мы змянілі фармат. Да мяне гэта быў фальклорны конкурс, зараз гэта фолк-конкурс, ён ўяўляе пэўную стылізацыю – гэта спалучэнне сучаснага і традыцыйнага.

Будучая „Гарадзенская беларусачка”, па словах арганізатараў,  павінна быць выдатнай дзяўчынай. Канкурсанткам трэба будзе прадэманстраваць журы свабоднае валоданне беларускай мовай і веданне нацыянальных традыцый, эрудыцыю, кемлівасць і шырокі кругагляд. На сцэну дзяўчаты будуць выходзіць не толькі ў беларускіх нацыянальных строях, але і гістарычных сукенках і сучасным стылізаванным адзенні ад вядомага беларускага мадэльера.

Беларускае Радыё Рацыя