Гарадзенцам раскажуць пра колеры Беларусі



Дызайнер, графік, паэт, перакладчык і публіцыст Міхал Анемпадыстаў распавядзе гарадзенцам пра колеры ў культуры і мастацтве Беларусі. Сустрэча ў гараденскай “Краме Ц” у рамках “Гістарычных аўторкаў” стане ўжо другой сустрэчай гарадзенцаў з Міхалам Анемпадыставым.

Першая была некалькі месяцаў таму, на ёй распавядалі пра тое, як з’яўляліся колеры ў Беларусі. Пра тое, што будзе на наступнай сустрэчы, кажа яе арганізатар Андрэй Несцяровіч:

– Гэта чалавек, які не кожны дзень бывае ў Гародні. І калі ў вас ёсць магчымасць наведаць, то варта. Нават удвох ці ўтрох. Не тое, што гэты выпадак такі ўнікальны. Проста гэта чалавек, які, апрача сваёй тэмы – дызайна, закранае шмат іншых тэмаў, якія варта ведаць і беларусам, і тым, хто проста цікавіцца культурай. Гэта чалавек, якому ёсць чым падзяліцца.

“Гістрачычныя аўторкі” ў гарадзенскай “Краме Ц” сталі ўжо традыцыйнымі. На іх выступалі такія вядомыя гарадзенскія гісторыкі, як Андрэй Вашкевіч і Таццяна Касатая, Зміцер Люцік і Віталь Карнялюк.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня