Гародня рыхтуецца да Дзён Святога Губерта



Новы, восьмы нумар рэгіянальнага навуковага зборніка „Гарадзенскі Соцыум” пабачым у лістападзе. Гэта адбудзецца ў “Цэнтры гарадскога жыцця” ў межах Дзён Святога Губерта.

img_5930

Зборнік уяўляе сабой пераважна вынікі леташняй навуковай канферэнцыі, якая традыцыйна праходзіць у дзень Святога Губерта – апекуна Гародні – трэцяга лістапада. Расказвае рэдактар выдання, прафесар Алесь Смалянчук:

— Падзагаловак гэтага тома: «Горад і ягоныя жыхары: Партрэт на фоне эпохі X-XX стагоддзі». Найбольш цікавыя матэрыялы на маю думку датычаць усё ж такі гарадзенскай гісторыі XVIII – XIX стагоддзяў. Сярод гэтых матэрыялаў я б адзначыў у першую чаргу хіба гарадзенцаў: артыкулы Юрыя Гардзеева «Некаторыя аспекты даследавання комплексу прывілеяў Гародні», Ганны Паўлоўскай, якая аналізуе даследаванні Жана-Эмануэля Жылібера, Аляксандра Радзюка, які паведамляе у пэўным сэнсе сенсацыйную для даследнікаў інфармацыю дзённік чыннасці Караля Бажэнскага.

Прэзентацыя зборніка плануецца пятага лістапада. „Цэнтр гарадскога жыцця Гародні”, дзе пройдзе сустрэча, знаходзіцца каля вядомай арт-галерэі „Крыга” ў цэнтры горада. Уваход на мерапрыемства вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя