Гістарычны музей Беларусі абвясціў збор сродкаў для набыцця раннелітоўскіх манет



Нацыянальны гістарычны музей Беларусі збірае сродкі для набыцця раннелітоўскіх манет XIV стагоддзя, паведамілі БЕЛТА ў музеі. Музей пачынае краўдфандзінгавую акцыю па зборы сродкаў на набыццё 9 раннелітоўскіх манет XIV стагоддзя. Гэтыя манеты маюць намінал пенязь (дэнарый) і чаканіліся ў часы Альгерда і Ягайлы, распавялі ў музеі.

Артэфакты часоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага – рэдкія рэчы, якія мала прадстаўлены ў беларускіх музеях. Між тым ВКЛ аказала моцны ўплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці, культуры і мовы. У зборах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ёсць дзве раннелітоўскія манеты. Гэта абумоўлена шэрагам прычын: па-першае, даваенныя нумізматычныя зборы музея былі амаль цалкам страчаны падчас акупацыі Менска (1941-1944); па-другое, наклад раннелітоўскіх манет быў невялікім, і вялікая частка манет знойдзена ў апошнія дзесяцігоддзі, пасля масавага з’яўлення металашукальнікаў. На дадзены момант у зборах музея ёсць дзве раннелітоўскія манеты.

Збор сродкаў будзе адбывацца праз платформу Talaka. Кожны, хто ахвяруе грошы, у адказ атрымае пэўны бонус – ад паштоўкі да шматразовага абанемента на наведванне музея. Кошт манет складае Br7,2 тыс., акцыя будзе доўжыцца 60 дзён.

Фота belcoins.com