Гісторыя мястэчка Лунна ў кнізе Лявона Карповіча



Краязнаўца і даследчык з Лунна Лявон Карповіч выдаў, дзякуючы выдавецкай ініцыятыве “Гарадзенская бібліятэка”, кнігу “Маё мястэчка Луна-Воля”.

l2

На амаль 300 старонках кнігі гісторыя заходнебеларускага мястэчка, яго трагедыя падчас ІІ Сусветнай вайны, яго помнікі і знакамітасці, расповеды пра цікавых людзей. Кніга аздоблена рэдкімі здымкамі,  частка з якіх перададзена аўтару ад продкаў тых жыдоў, што калісьці жылі ў Лунне, а зараз жывуць у Ізраілі.

Мястэчка Лунна, у якое аўтар пераехаў 30 год таму з Ваўкавыска, адрозніваецца ад іншых вёсак і мястэчак Гарадзеншчыны.

– Чамусьці дамы ў Лунне стаяць шчыльна адзін да аднаго, як у Венецыі, цяжка прайсці. Чаму яны так стаяць? Ні ў якай іншай вёсцы я такога больш не бачыў. Я не знаходзіў адказу ні ў літаратуры, ні ў энцыклапедыях, ні ў школьным музеі. А таму што гэта габрэйскія дамы, а габрэям валодаць зямлёю было забаронена, ім прадавалі толькі ўчасткі пад дамы, і вельмі дорага. І таму яны куплялі столькі, колькі дом займаў.

Пра гэтыя і іншыя адметнасці мястэчка спадар Лявон і напісаў у сваёй кнізе, якая распачынае ў “Гарадзенскай бібліятэцы” новую серыю выданняў пад агульнай назвай “Краязнаўцы Беларусі”. Прэзентацыя кнігі неўзабаве пройдзе ў Гародні. Аўтар таксама спадзяецца правесці прэзентацыю і  ў Лунне.

Беларускае Радыё Рацыя, Лунна