Глыбоцкі касцюм заняў другое месца на конкурсе



Дыплом другой ступені атрымаў Глыбоцкі дом рамёстваў у намінацыі “Рэканструкцыя традыцыйнага строя рэгіёна” ў Сянно. Там праходзіла абласное свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства”.

Вялікую дапамогу майстрам аказала глыбачанка Людміла Парфір’еўна Маслава.  Яна паказала фотаздымкі з сямейнага архіву і распавяла  пра касцюмы, якія насіла моладзь  на Глыбоччыне ў 1930-я гады.

–  Святлана Скавырка прыйшла да мяне і кажа, што ў Глыбокім не было нацыянальнага касцюма. Я ёй кажу, што як гэта не было?.. Я хоць і была малая (як пачалася вайна, мне было 4 гады), але помню, што тады шляхетныя дзяўчаты – было тут тады больш польскага насельніцтва – хадзілі ў гэтых касцюмах і на святы, і ў касцёл. І гэта былі вельмі прыгожыя касцюмы. Цікава, што народ тады не быў такі высокі, як цяпер. Дзяўчаты былі маленькія. І гэтыя касцюмы вельмі прыгожа глядзеліся на невялікіх дзявочых фігурках.

Па словах малодшага навуковага супрацоўніка Глыбоцкага дома рамёстваў Святланы Скавыркі, ёй давялося правесці шмат экспедыцый у пошуках інфармацыі пра тагачасны глыбоцкі строй, але звестах было мала.

– Як правіла, заўсёды казалі, што бедныя людзі, калі нават і мелі касцюмы, то з таго, што самі наткалі. І практычна нічога з гэтага не захавалася. А вось менавіта такі касцюм, які адмыслова шылі і так аздаблялі, захаваўся. І ў Сянно мы з гэтым касцюмам шыкоўна выглядалі. Ён цудоўны!

Аднаўленнем тагачаснага мясцовага касцюма  калектыў Глыбоцкага дома рамёстваў займаўся цягам мінулага года. Па словах майстроў,  даследчая работа па распрацоўцы старадаўніх касцюмаў і вывучэнні іх асаблівасцяў будзе праводзіцца і надалей.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі