Гудзевіцкаму “Праменьчыку” – 50



4 чэрвеня спаўняецца 50 гадоў з дня выхаду першага нумару вучнёўскага часопіса “Праменьчык”, які выпускаўся пад кіраўніцтвам настаўніка, заслужанага работніка культуры Беларусі Алеся Белакоза ў Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна.

Працуючы настаўнікам беларускай мовы, Алесь Белакоз вёў з вучнямі заняткі літаратурнага гуртка, вынікам працы якога стаў часопіс “Праменьчык” і неўміручая павага і любоў да свайго Настаўніка з боку вучняў. З 1966 па 1989 гады было выпушчана 14 нумароў часопіса. “Праменьчык” складаўся з раздзелаў: лірыка, сачыненні, дапаможнік для экскурсавода, фальклор, этнаграфія, гісторыя рэгіёну, тапаніміка і мікратапаніміка, антрапанімія, народная медыцына, матэрыялы перыёдыкі пра Гудзевічы, кніга запісаў і сотні іншых. Калі першыя выданні “Праменьчыка” змяшчалі 32-36 машынапісных аркушаў, то наступныя дараслі ажно да 630.

У 1968 годзе Алесь Белакоз адкрыў у Гудзевіцкай школе музей, які з 1990 года набыў статус дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея. Тут сабраны тысячы экспанатаў. Сярод якіх і такія ўнікальныя, як адзіны ў свеце глобус на беларускай мове, каштоўная калекцыя падвойных дываноў, першае выданне “Скрыпкі беларускай” Цёткі, арыгіналы граматаў апошняга Вялікага князя ВКЛ Аўгуста Панятоўскага, каменны рукамыйнік з паганскіх часоў… Матэрыялы музея, у тым ліку і “Праменьчык”, выкарыстоўваюць сёння студэнты і навукоўцы, краязнаўцы і ўсе зацікаўленыя ў родны край людзі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Мастоўскі раён