Гурт „Иго” прадставіў альбом „Айчына”



Гарадзенскі хэві-метал гурт „Иго” прадставіў беларускамоўны альбом „Айчына” ў „Цэнтры гарадскога жыцця Гародні”.  11-ць песень напісаны на вершы святара Паўла Каспяровіча.

Музычны альбом ствараўся амаль дзесяць гадоў, чаго дастаткова, каб разважліва падысці да напісаных тэкстаў пра Айчыну і яе лёс, кажа айцец Павел Каспяровіч:

– Раптам напісаў цыкл вершаў на беларускай мове. Яны ўсе былі на тэму лёсу нашай Бацькаўшчыны, які мяне хваляваў і хвалюе. Я тады і вырашыў, што калі меркаваць быццам кожны альбом гэта нізка вершаў, то ён будзе мець назву “Айчына”.

Гурт мае даўнія сяброўскія адносіны з айцом Паўлам, таму рашэнне запісаць альбом на яго словы выспявала даўно, але на шляху да ажыццяўлення мары былі перашкоды, кажа вакалістка Вольга Шлавянец:

– Ёсць канешне касцяк – гэта тры-чатыры чалавека. Цяжка было знайсці студыю, якая будзе адпавядаць нам, і якой будзем адпавядаць мы, бо яны збольшага скіраваныя на папсу. Мы доўга шукалі і кагосьці чакалі, а пазней вырашылі, што не трэба нікога чакаць, што ўсё робяць звычайныя людзі, такія як мы.

Выява вокладкі кружэлкі ўзята з карціны менчука Валерыя Вядрэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня