Гурт ILO & friends у абноўленым музычным абліччы



У беластоцкім музычным клубе „Фама” выступіў беларускамоўны калектыў з Падляшша, які выконвае сучасную музыку, – ILO & friends. Нагод было некалькі, між іншым юбілей гурта. За 10 гадоў было выдадзена дзве кружэлкі „Па дарозе” і „Сланечнікі”, а ў гэтым годзе будзе выпушчаны трэці альбом. Пра галоўную ідэю сваёй творчасці кажа лідарка гурта Ілона Карпюк:

– Я знайшла такі адказ – ключ да нашай творчасці. Я шукаю ў літаратуры такія тэксты, якія ў розны спосаб расказваюць пра тоеснасць. Паколькі я, як беларуска ў Польшчы, апынулася ў такім нечаканым для мяне кантэксце, калі праз цэлае жыццё мушу нечага даказваць, мушу шукаць у тым ліку сябе, і гэта прымушае мяне даносіць свае пошукі і адкрыцці слухачам у музыцы, бо музыка і тэкст неразлучныя з тым, хто яго высказвае. Спяваю пра тое, што чалавеку нялёгка на свеце.

Музыкі гурта ILO & friends пачыналі з акустыкі, прайшлі праз электра-акустыку і дайшлі да прагрэсіўнага рока. А на новым альбоме абяцаюць больш гітараў, глыбокія сэнсоўныя тэксты і моцныя эмоцыі.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы