Гурт “Пані Хіда” выпусціў антываенны кліп



Кліп на антываенную тэматыку выпусціў аршанскі гурт “Пані Хіда”. Відэашэраг накладзены на кампазіцыю “Generale”, якая таксама выйшла сёлета.

Кадры ваенных дзеянняў адмыслова падбіраліся не самыя жорсткія, але іх дастаткова для таго, каб паказаць жах вайны і яе шкоду для ўсіх бакоў канфлікта, гаворыць гітарыст гурта і аўтар тэксту Леанід Турок:

– Калі выбудоўваць гэта ў выглядзе нейкага аповеду, атрымліваецца, што чалавек чуе нейкую ідэю. Уявім віртуальнага жаўнера, ён чуе, што яму кажа генерал, яму ўсё гэта падабаецца, і ён гатовы памерці, каб паказаць, што ён гатовы шмат чаго для гэтага зрабіць. Мінае пэўны час, калі браць другі куплет, то ў ім ужо з’яўляецца іронія. Пасля ў канцы ад імя мёртвага жаўнера кажацца, я ж рабіў што мне казалі, і вось я ляжу ў яры.

Кампазіцыя “Generale” даволі хутка здабыла папулярнасць сярод слухачоў. Музыкі аршанскага калектыва адзначаюць, што на вялікі жаль, тэма вайны заўсёды актуальная.

Кліп зроблены ў Ізраілі рэжысёрам Барысам Штэрнам.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша