“Impervious” – эмігранцкі рок з Усходняга Грынбуша



Беларус Фёдар Баранаў з амерыканскага горада Усходні Грынбуш (East Greenbush, штат Нью-Ёрк) запісаў настальгічную песню.

Bar7

У відэароліку да яе ён выкарыстаў архіўныя сямейныя запісы, знятыя ў роднай вёсцы за савецкім часам на каляровую 8-міліметровую стужку. У працы над трэкам музыку-самавуку дапамог Лукаш Step Стэпанюк – беларус з Падляшша, музыка і гукарэжысёр Беларускага Радыё Рацыя.

Фёдар Баранаў кажа, што эміграваў у Злучаныя Штаты ў 1993 годзе, “калі было шмат нявызначанасці ў Беларусі”. Ён ганарыцца тым, што працуе паводле атрыманай на Радзіме адукацыі – менеджарам тэхнічнага аддзела ў вялікай карпарацыі. Музыкай Фёдар займаецца ў якасці хобі яшчэ са школьных гадоў. Гуказапіс засвоіў пасля пераезду ў Амерыку, стварыўшы хатнюю студыю і ўласны праект пад імем „Impervious”.

Аўтар складае песні на трох мовах – беларускай, расейскай ды ангельскай. На ягонай старонцы на soundcloud хапае і інструментальных замалёвак. Фёдар прызнаецца: “З-за недахопу часу ды навыкаў не атрымліваецца ўкладваць шмат працы ў запіс, звядзенне і майстарынг музычных трэкаў, каб на выхадзе атрымалася так, як задумвалася”.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з facebook.com