Ішла Каляда па Гародні…



Дзеля папулярызацыі беларускай традыцыі калядавання яе прыхільнікі падчас праваслаўных святаў Божага нараджэння праходзяць вуліцамі Гародні, завітваюць у кватэры жыхароў горада і наведваюць мясцовыя кавярні. Калядоўшчыкі спяваюць народныя песні, ладзяць забавы і распавядаюць людзям пра шматстагоддзевую  традыцыю, якая ў горадзе над Нёманам мае сваіх сталых прыхільнікаў, – зазначае калядоўшчык Зміцер:

– Я помню, у дзяцінстве калядаваў, але гэта было неўсвядомлена, матуля прапанавала, і я пайшоў. Калядую гады тры-чатыры. Мне гэта падабаецца, бо гэта стварае свята.

Марыся: Калядую сёлета. Апранутая ў беларускі строй. Я – бабка, гаспадынька з вёскі. Пойдзем мы разам з дзедам. Важу я казу, якая падае. А сёлета мы зрабілі цікавостку – сёлета і я падаю разам з казою.

Андрэй Несцяровіч, гаспадар крамы „Цудоўня”, калядоўшчык: Гэта класная традыцыя. Гэта абрад благаслаўлення на бліжэйшы год. Шчыра кажучы, я думаю, што гэта нікому не лішняе. З аднаго боку. А з другога боку – гэта атрыбут свята, які, напэўна, і робіць яго такім адметным і незвычайным.

Традыцыя калядавання захоўваецца ў Гародні дзякуючы намаганням жыхароў горада, якія такім чынам спрычыняюцца да адраджэння беларускай мовы і культуры. Падчас каталіцкіх і праваслаўных святаў Божага нараджэння некалькі групаў калядоўшчыкаў ладзяць святочныя прадстаўленні, прыносячы ў дамы гарадзенцаў добры настрой і найлепшыя спадзяванні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня