Канцэрт гурту «Колір» у Гародні



Украінскі гурт з Адэсы «Колір» здолеў сабраць ў гарадзенскай кавярні «Несцерка» вялікую колькасць слухачоў. Канцэрт пачаўся са спазненнем амаль на гадзіну, бо дзяўчаты з гурта чакалі, калі скончыцца спектакль у тэатры, дзе месціцца «Несцерка». Гурт – фіналіст конкурсу «Заспявай 2.0», таму у іх выступе таксама былі і песні па-беларуску.

Кажа вакалістка гурта Людміла Колір:

— Да Гародні мы былі ў Віцебску, у Менску і ў Берасці. Потым мы едзем у Магілёў, Наваполацк і Гомель. Публіка ўспрымае нас добра, усім падабаецца, людзі падпяваюць нам, ведаюць нашы песні. У нас ёсць аўдыторыя ў Беларусі. Але ў Гародні мы ўпершыню.

Украінскі музыка Алег Сухараў:

— Мне, як украінцу, было прыемна пачуць тут украінскую мову. Ужо праверана, што беларусы цудоўна ставяцца да ўкраінскай песні і да ўкраінскіх выканаўцаў.

Канцэрт скончыўся позна ўночы, бо прысутныя доўга не хацелі адпускаць дзяўчат і ім прыйшлося выканаць песню на біс.  Музыкі плануюць завітаць у Гародню ў 2017 годзе,  каб выступіць на вялікай пляцоўцы.

Беларускае Радыё Рацыя