Канцэрт пад бел-чырвона-белым сцягам



Бел-чырвона-белыя ды жоўта-блакітныя сцягі, воклічы “Жыве Беларусь!” і “Слава Украіне!”. У такім нацыянальным атачэнні прайшоў канцэрт беларускіх гуртоў Brutto і Dzieciuki у Беластоку.

DSC02913

Яшчэ перад уваходам у Лядовы палац панавала сапраўдная святочная атмасфера, пераважная большасць тых, хто прыйшоў – гэта беларусы:

— Мы прыехалі з Полацка дзеля канцэрту нашых землякоў Сяргея Міхалка і Дзецюкоў. Мы вельмі любім гэтыя гурты.

— Мы прыехалі з Менску на канцэрт Brutto. Мы слухаем, ганарымся нашымі беларускімі хлопцамі і Украінай ганарымся. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

— Я з Гародні, але вучуся ў Варшаве і прыехала з Варшавы.

— Мы прыехалі з Ваўкавыска цэлай бандай у 5 чалавек. Мы доўга рыхтаваліся, чакалі і вось прыехалі. Справа ў тым, што мы жывем у памежнай зоне і разумеем, што па закупы ездзіць у Польшчу ўжо ня мае ніякага сэнсу, таму мы проста на канцэрт, адмыслова. 

DSC02609

DSC02747

Арганізатары ацэньваюць, што на канцэрт з розных рэгіёнаў Беларусі прыехалі да паўтары тысячы чалавек. Значная колькасць з іх пры гэтым скарысталіся з бясплатнай візавай падтрымкі.

DSC02831

Гарадзенскія Dzieciuki прэзентавалі свой у час канцэрту свой новы альбом “Рэха”.

Як кажуць музыкі Павел Трублін і Алесь Дзянісаў, у абодвух беларускіх гуртоў вельмі блізкая энергетыка і супольныя падыходы:

— Пасля Украіны і яшчэ некаторых падзеяў свет змяняецца. Мы шукаем новыя погляды, новыя пазіцыі на гэты свет. І яны ў нас шмат у чым супадаюць.

— Канцэрт спачатку планаваўся ў Менску, але яго адмянілі, таму так выйшла, што гэты канцэрт якраз першы, на якім мы прэзентуем наш альбом так бы мовіць афіцыйна.

 РР: А ёсць хваляванне?

— У Дзяніса ёсць, а вось у мяне, ня ведаю, пакуль што няма. Можа калі выйдзем, там людзей шмат…

Dzieciuki выступілі на Падляшшы далёка ня першы раз, між іншым, яны ўжо сталыя ўдзельнікі фестывалю музыкі маладой Беларусі – “Басовішча”. Новы альбом гарадзенцаў пад назовам “Рэха” ўжо даступны ў інтэрнэце, а ў хуткім часе мае з’явіцца на плытах.

001

 “Цудоўны канцэрт”, — каментуе выступ у Беластоку лідар гурта Brutto Сяргей Міхалок. Ён лічыць, што беларускі рок-н-рол дастойны вялікіх пляцовак, а ў самой Беларусі атмасфера пачынае змяняцца на больш спрыяльную. “Чыноўнікі ў эфіры чытаюць Янку Купалу і гэта, магчыма, пачатак дыялогу”, — зазначае музыка:

— Раней я нават сам па сабе адчуваў, што гэта нейкі маналог, што нам вызначаюць нейкую рэзервацыю і мы ў ёй з кімсьці там размаўляем, з такімі ж індзейцамі як і мы. Цяпер я бачу, што на ўзроўні дзяржавы, гэтага агромністага цмока, вельмі кепска ставяцца да словаў кшталту «санкцыі» «забароны»і так далей, а значыць, ёсць нейкая тэндэнцыя.

Сяргей Міхалок, які цяпер жыве ў Кіеве, у лютым адмыслова прыехаў у Менск, каб атрымаць гастрольнае пасведчанне і даць у беларускай сталіцы вялікі канцэрт. Аднак улады ня выдалі такога дазволу. Ужо на працягу некалькіх гадоў Міхалок у Беларусі ўваходзіць у негалосны спіс так званых “забароненых музыкаў”, таму паслухаць яго фанаты едуць у суседнія краіны, у тым ліку Літву ды Польшчу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара