„Касцёлы Гарадзеншчыны” ў „Тызенгаўзе”



Больш за 20 мастацкіх працаў, прысвечаных сакральнай архітэктуры Гарадзеншчыны, можна ўбачыць на выставе “Касцёлы Гарадзеншчыны”, што адкрылася ў гарадзенскай выставачнай зале “Тызенгаўз”. Выстава стала вынікам міжнароднага пленеру, у якім прынялі ўдзел мастакі з Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

Пра выставу распавядае мастацтвазнаўца Ала Матук:

Для таго, каб напісаць такія прыгожыя цёплыя карціны, мы хадзілі не толькі па Гародні, але ездзілі і ў Наваградак, Васілішкі. Вядома, нашы госці крыху падгледзелі некаторыя ідэі ў інтэрнэце. І ў выніку ў нас атрымалася вельмі цёплая экспазіцыя, дзе кожны прадставіў сваю рэфлексію датычна архітэктуры Гарадзеншчыны.

Павел Кастусік – мастак з Менска:

На гэтай выставе тэмай майго палатна выступае касцёл. Але не канкрэтны, а такая выява з маіх мараў.

Анна Ірміна Бонк:

Я прадстаўляла даволі традыцыйныя касцёлы ў рэалістычным ключы. Якраз на гэтых дзвюх працах прадстаўляла касцёлы з цэнтра Гародні.

На адкрыццё выставы завіталі актывісты незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі, дыпламаты з Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча, а таксама гарадзенскія мастакі ды аматары мастацтва. Выстава будзе працаваць цягам трох тыдняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня