„Казюкі”: горад майстроў у цэнтры Гародні



Сьвята „Казюкі” прайшло ў Гародні. На Савецкай плошчы выставілі свае вырабы дзясяткі майстроў не толькі з Гарадзеншчыны, але й з іншых куткоў Беларусі. Паказальна, што сьвята праходзіла на тым жа месцы, дзе быў старажытны рынак Гародні. А гэта значыць, што Сьвята вярнулася туды, дзе яно праходзіла стагоддзі таму.

Свае вырабы штогод выстаўляе гарадзенка Дамініка Кавалёнак.

– Як Ісус Хрыстос ішоў у Іерусалім, то яго сустракалі пальмавымі галінкамі. У нас пальмы не растуць, і прыход Ісуса Хрыста спатыкаюць вербачкамі. Але цяпер гэта не проста галінкі вярбы, а ўпрыгожаныя. Упрыгожваем іх рознымі кветкамі, каласкамі, травамі. Для мяне гэта больш духоўная патрэбнасць, чым фінансавая.

Рамесьнікі стараюцца паказаць адметнасьць рэгіёну й традыцыяў. Пляценне з лазы, саломкі, разьба па дрэве, косьці, ганчарныя вырабы.

У цэнтарaльным месцы кірмаша стаяць „штукі” вясёлых гарадзенскіх кавалёў.

– Усё можам – ад дробнай вешалкі да балкона. Можам і цвік выкаваць, і падкоўку. Прынеслі вырабы свае. Хто адмыслова рыхтаваўся, у кага засталіся вырабы.

Гарадзенскія кавалі аказаліся найбольш беларускамоўнымі.  Адметнасьцю гэтых „Казюкоў” было тое, што на кірмаш майстроў прыехалі майстры з Польшчы.

 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара