Хор „Бацькаўшчына” адзначае 25-годдзе



У Гародні на Раство Хрыстова ў царкве святога Іллі, што знаходзіцца ў абласной клінічнай бальніцы, з калядным канцэртам выступіў хор беларускай духоўнай музыкі „Бацькаўшчына”.

suscynski_sviata-u-abl-balnicy-chor-z-parafijanami

Падзяліцца радасцю Нараджэння Збаўцы для хворых гэта добрая справа. Да таго ж хор, які адзначае сваё 25-годдзе пачынаў сваю творчую дзейнасць менавіта з каляднай праграмы.

Згадвае сталы ўдзельнік „Бацькаўшчыны” Кастусь Жынь: 

– 25 гадоў з таго самага моманту, калі мы на праваслаўнае Раство вечарам перад саборам у Гародні ўпершыню праспявалі калядкі. Гэта было вялікае дзіва таму, што гэта было быццам снег на галаву для прыхаджан, якія сабраліся на прыступках сабора і слухалі нашы беларускія калядныя спевы. Гэта было 25 таму назад, як раз перад Раством Хрыстовым.

Традыцыя запрашаць гэты калектыў для таго, каб наблізіць прыхаджанаў да духоўнай спадчыны беларускага народа, належыць настаяцелю царквы айцу Аляксандру Хомбаку: 

– У храме на святы бываюць людзі з усёй Гарадзенскай вобласці, і ўжо за тыдзень да святаў яны пытаюцца ці будзе знакаміты хор “Бацькаўшчына”. Існуе дзве падставы для самаідэнтыфікацыі – гэта мова і рэлігія, па гэтым можна вызначыць што за чалавек.

Айцец Хомбак пажадаў слухачам Беларускага Радыя Рацыя, каб жыццё змянілася разам з нараджэннем Збаўцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня