Хору „Бацькаўшчына” – 25 гадоў



Дваццаць пяць гадоў таму ў Гародні паўстаў хор беларускай духоўнай музыкі „Бацькаўшчына”. Калектыў адраджаў у Панямонні як беларускую народную песню, так і патрыятычную і духоўную. Мітынгі прадстаўнікоў нацыянальнага руху, нацыянальныя сьвяты не праходзілі без удзелу хора „Бацькаўшчына”.

img_5971

Кажа былая кіраўнічка хору Вера Кунцэвіч:

– Мы трымаліся 25 гадоў. “Бацькаўшчына” і зараз жыве. Я адпрацавала 22 гады. Нізка кланяюся тым людзям, якія ішлі побач са мной. Гэта не проста выканаўцы – гэта паплечнікі, аднадумцы. І таму я яшчэ ўдзячная лёсу, што спрычынілася да гэтага пласту і разам мы зрабілі вельмі вялікую справу. Гэта вялікая культурная старонка ў гісторыі нашага горада, у гісторыі Беларусі і, я лічу, нават сусвету, бо гэта маленькі, але ж пялёстачак.

Намаганнямі хору адрадзіліся спеўныя часткі службаў Грэка-Каталіцкай, Рыма-Каталіцкай Цэркваў у Гародні, таксама хор удзельнічаў у праваслаўных святах Гарадзеншчыны. Прадстаўляў беларускую культуру ў многіх краінах Еўропы сваімі канцэртамі. Цяпер хор узначаліла Іра Жыгуліна, пераемніца харавога дырыжора і кіраўніка Веры Кунцэвіч.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара