Клезмерская музыка — частка беларускай гукавай прасторы



Словазлучэнне “клезмерская музыка” ці не ў большасці людзей выклікаюць асацыяцыі з традыцыйным яўрэйскім мястэчкам, карцінамі Марка Шагала і каларытнымі персанажамі Шолам-Алейхэма.

Яшчэ нават сто гадоў таму такая музыка была неад’емнай часткай беларускай гукавой прасторы. Але з прычыны спярша саветызацыі, потым Халакосту, а потым і масавай эміграцыі беларускіх яўрэяў, клезмеры ў нашай краіне практычна зніклі.

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Зіслам Сляповічам – музыказнаўцам, кларнетыстам і кампазітарам, стваральнікам ансамблю традыцыйнай клезмерскай музыкі Litvakus, які выступае пераважна ў Злучаных Штатах.

2015-12-17_achromienka_klezmerskaja_muzyka

РР: Не ўсе разумеюць, што такое “клезмерская музыка”…

Зісл Сляповіч: Увогуле, пытанне цікавае, і мала хто ведае на яго дакладны адказ. Я думаю, што мы гаворым пра інструментальную музыку яўрэяў Усходняй Еўропы. Але ж само словазлучэнне “клезмерская музыка” было прыдумана толькі ў 20-я гады мінулага стагоддзя незалежна і ў СССР, і ў Амерыцы, каб неяк абазначыць музычны фенамен, які ўжо даўно існаваў…Чаму я кажу пра ўмоўнасць гэтага тэрміну. Клезмеры, як народна-прафесійныя яўрэйскія музыкі, як і малдаўскія лэўтары, як і беларускія выканаўцы, мелі вельмі шырокі рэпертуар і гралі ўсё і для ўсіх. Прытым не толькі на яўрэйскіх вяселлях, але і на цыганскіх, і на беларускіх, і на польскіх, і на якіх заўгодна.

РР: Але пры гэтым музыка беларускіх яўрэяў неяк адрознівалася ад музыкі румынскіх ці заходнеўкраінскіх яўрэяў?

—  Безумоўна, адрознівалася! На беларускіх землях, на землях былога Вялікага Княства Літоўскага клезмерская музыка ў значнай ступені сфармаваная беларускім вымаўленнем – і ў прамым, і ў пераносным сэнсах. У калекцыі, што існуе пры Пушкінскім доме ў Пецярбургу, я быў практычна ў шоку, калі пачуў тыповыя беларускія загуканні ў спеве яўрэйскага народнага спевака з Палесся!

РР: А “Хава Нагіла” ці “Сем-сорак” – гэта таксама клезмерская музыка ў адэскім кантэксце?

«Хава Нагіла» стала практычна палітычным маніфестам. Песня гэтая заснаваная на хасідскім нігуне з Украіны, і была фактычна створана тэарэтыкам, музыказнаўцам і кантарам Аўрамам Цві Ідэльсонам і па хуткім часе стала музычным кантэкстам новай культуры перасяленцаў у Ізраіль. Тая якасць, якую “Хава Нагіла” набыла ў савецкай ці ў амерыканскай культуры – з’ява зусім іншага парадку. Што тычыцца “Сем-сорак”, то гэта, фактычна, гуцульска-габрэйскі танец… Сёння “Хава Нагіла” і “Сем-сорак” – гэткі “экспартны варыянт”, аналагічны Сіртакі ў грэцкай культуры ці “Камарынскага” – у расейскай.

РР: Вы казалі пра музыку, якая гучала на яўрэйскіх вяселлях. А як тыя вяселлі праходзілі ў нас у Беларусі?

— Практычна, тыя вяселлі праходзілі так, як і ва ўсім свеце. Ёсць абавязковыя рытуальныя рэчы, якія былі, ёсць і будуць, якія робяць такое вяселле менавіта яўрэйскім. Але далей мы ўступаем ужо на тэрыторыю этнаграфіі, тэрыторыю кантэкстаў. Менавіта што гралі, менавіта як казалі. А тут шмат беларускіх прымавак-прыказак ці іх абсалютнага калькавання на ідыш. Тут трэба слухаць музыку, глядзець строі, каштаваць кухню. Што падавалася на такіх вяселлях? Напрыклад, “гефільтэ-фіш”, фаршыраваная рыба. Гэта што – выключна яўрэйская кухня?

РР: Той жа “цымус”, той жа фаршмак…

— А “цымус” – ён што, з ананасаў рабіўся? Ці з какосаў? Рабіўся з таго, што вырошчалася на тутэйшых градах. Калі мяне пытаюцца “а што такое выключна яўрэйская кухня?”, я кажу – “маца!” Усё астатняе – гэта этнаграфія.

РР: Вы жывяце ў Нью-Ёрку і прафесійна займаецеся там музыкай усходнееўрапейскага яўрэйскага мястэчка. Наколькі гэта запатрабавана ў Злучаных Штатах?

—  Я пайшоў гэтым шляхам музыкавання разам са сваім нью-ёркскім гуртом «Litvakus», і мы бачым вельмі і вельмі жывы водгук сённяшніх слухачоў, якія ходзяць на нашы канцэрты. А  гэта далёка не толькі яўрэі!

РР: А дзе вы бярэце рэпертуар?

—  Рэпертуар – пераважна тое, што паходзіць з нашых беларускіх, літоўскіх і польскіх земляў. Я яго прафесійна даследаваў падчас навучання ў Беларускай Акадэміі музыкі. У экспедыцыях па Беларусі, у архівах… Але выкананне такой музыкі перш за ўсё – справа энтузіастаў, то бок людзей, якія ў яе вераць і якія не могуць ёй не займацца. Мех грошай ці шыкоўны маёнтак выкананнем клезмерскай музыкі не заробіш!

РР: Пытанне, якое не магу не задаць. Апошнім часам у Беларусі гучаць небяспечныя тэндэнцыі стаўлення да беларускіх яўрэяў. Адна – пячорна-антысеміцкая “Бей жидов, спасай Россию!», відавочна занесенае ветрамі “русского мира» і таму не вартая ўвагі. Другая, як па мне – куды больш небяспечная, бо іншым разам агучваецца ў каляпатрыятычных беларускіх колах: “Беларусь для беларусаў”. Мо гэта нейкі местачковы фашызм?

— Гэта фашызм! Гэта гульні ў салдацікаў людзей, якія не сфармаваліся, як асобы, якія не адказныя ані за сваю сям’ю, ані за сваю зямлю, ані за свой народ! Калі я ўпершыню такое пачуў, то падумаў: «Ды нашто мне гэта ўсё трэба?!» Але ж сябе не пераадолееш – я належу ж Беларусі і да беларускага народа.

Сапраўдны рэнесанс клезмерскай традыцый пачаўся толькі напрыканцы 20 стагоддзі. У наш час адраджэннем традыцыйнай музыкі ўсходнееўрапейскіх яўрэяў займаюцца не толькі ў Беларусі і ў Злучаных Штатах, але і ў Ізраілі, Польшчы, Угрошчыне і Украіне.

https://www.youtube.com/watch?v=6YvXfyuQMGM

https://www.youtube.com/watch?v=DQBWOPd97fA

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота: Аня Роз