Конкурсныя праслухоўванні на «Каложскім дабравесце»



У гарадзенскім Свята–Пакроўскім кафедральным саборы пачаліся конкурсныя праслухоўванні харавых калектываў – удзельнікаў пятнаццатага фестывалю праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест». На працягу двух дзён выступяць трыццаць пяць хораў з Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы, Арменіі, Францыі і іншых краін блізкага і далёкага замежжа. Міжнароднае журы акрэсліць пераможцаў у асобных намінацыях і ўладальніка гран – пры фестывалю, які па словах старшыні журы, клірыка Свята – Пакроўскага кафедральнага сабора пратаіерэя Андрэя Бандарэнкі, становіцца ўсё больш вядомым і папулярным.

— Адзін з нешматлікіх фестываляў і магчыма цяпер адзін з галоўных фестываляў такога узроўню на постсавецкай прасторы, прысвечаны царкоўнаму спеву. Неабсяжная галіна праваслаўнага спявання: розныя краіны, розныя традыцыі.

Ларыса Галалобава:

— У кожнага калектыву ёсць чаму павучыцца, бо гэта духоўны спажытак для гледача, гэта цікава, гэта прыгожа. Мы ўсе чакаем гэты фестываль і рады, што ён праходзіць у Гародні.

Сябра журы, Аляксандр Лойка:

— Наш фестываль добра і шырока ведаюць на праваслаўнай прасторы, ён займае пачэснае месца ў дыяменце тых фестываляў, якія займаюцца менавіта артадаксальнай праваслаўнай музыкай.

Сярод удзельнікаў фестывалю «Каложскі дабравест» не толькі духоўныя, але і свецкія калектывы, якія выконваюць праваслаўныя спевы. Прымаюць удзел і шматлікія дзіцячыя гурты: як выхаванцы нядзельных парафіяльных школаў, так і музычных установаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня