Краўцэвіч распавёў гарадзенцам пра мову ў ВКЛ



На занятках моўных курсаў «Мова Нанова Гародня» слухачы патрапілі ў «сярэднявечча».

Выкладчыкам для гарадзенцаў стаў прафесар Алесь Краўцэвіч, які засведчыў, што мовай жыхароў Вялікага Княства з ХІІІ стагоддзя была старабеларуская мова. Па словах прафесара засталася вялікая колькасць крыніцаў, якія могуць пацвердзіць гэты факт.

— Граматы. Найперш дагаворныя граматы смаленскіх князёў з Рыгай. Полацкія граматы ХІІІ стагоддзя таксама дагаворныя. Там выразна прасочваюцца рысы беларускай мовы. Мы рабілі праграму пра Спаса-Прэабражэнскую царкву ў Полацку і там адкрыта каля чатырох тысяч графіці розных часоў, у тым ліку вельмі шмат сярэднявечных. Спецыяліст па графіці Іна Калечыц гаворыць, што там выразна прасочваюцца рысы беларускай мовы. «Госпадзе, дай сена…» некаму там, «Дзеканне» і «сяканне» — усё там ёсць. 

Слухачы курсаў даведаліся таксама пра тое, якія словы дайшлі да жыхароў ХХІ стагоддзя са старажытнасці, чым адрознівалася «казна» ад «скарба», а таксама склалі невялічкі слоўнік моўнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

Беларускае Радыё Рацыя