“Краявід” ад гарадзенскага паэта



У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшаў з друку новы паэтычны зборнік гарадзенскага паэта Юркі Голуба “Краявід”.

Па словах аўтара, кніга паэтычных твораў – “гэта не толькі вершы-сузіральнікі вабнот роднага краю, а найперш, гэта шлях да мінулага, жаданне намаляваць абрысы сённяшняга дня, быць поруч з сучаснікам”.

Сапраўды, паэтычныя радкі новага зборніка Юркі Голуба, як і ў шматлікіх папярэдніх кнігах, апантаныя лірычным святлом і светам, яны сягаюць праз прастору і час.

Першы раздзел зборніка “Светаяннік і свет” прысвечаны роднай Зэльвеншчыне, яе гісторыі, прыродзе, людзям. Другі раздзел “Готландскі нататнік” – адрасаваны швецкаму востраву Готланд, які хораша ў вершах апісаў паэт. І трэці раздзел “Маскі” склалі дзве паэмы – “Карнавал” і “Прыпавесць пра кейс”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя