Ксёндз Аляксандр Амяльчэня: Наша праца неабходна для Беларусі



65 гадоў нядаўна адзначала Беларуская служба Радыё Ватыкана — беларускамоўная каталіцкая радыёстанцыя, якая была заснаваная ксяндзом Пятром Татарыновічам. Зараз Беларускай рэдакцыяй кіруе ксёндз Аляксандр Амяльчэня.

Наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна сустрэлася з ім у Ватыкане. Ксёндз Аляксандр Амяльчэня распавёў ёй пра асаблівасці працы на радыё, правёў экскурсію па офісу і падзяліўся сваёй марай. Па словах Амяльчэні, самым вялікім прыярытэтам для іх з’яўляецца рэтрансляцыя праграм у радыёэфіры:

– Вельмі вялікая мара – пераканаць беларускую медыясферу, і нашай працай, і ўвогуле нашымі праектамі, што тое, што мы робім, гэта сапраўды сёння запатрабавана ў нашым кантэксце, які склаўся ўвогуле ў Еўропе і ва Усходняй Еўропе, гэта проста неабходна, і я спадзяюся, што гэтае разуменне прыйдзе і не будзе позна.

Радыё Ватыкан выходзіць у эфір штодзённа на кароткіх хвалях. Служыць голасам Папы Рымскага і Каталіцкага Касцёлу ў дыялогу са светам. На сёння налічвае каля 40 рэдакцый, якія вяшчаюць на нацыянальных мовах.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя