Купалле на беразе канала Агінскага



У Слоніме вечарам, 6 ліпеня, на набярэжнай канала Агінскага адбылося свята, прысвечанае сонцу і росквіту зямлі – Купаллю.

Святкаваць Купалле ў цэтры Слоніма пачалі яшчэ напачатку 1990-х гадоў. А потым гэта традыцыя спынілася. І толькі сёлета Купалле зноў вярнулася ў Слонім.  Святу каля канала Агінскага дадала яшчэ большай таямнічасці люстэркавая гладзь канала, які пры заходзе сонца і ў водблісках купальскага вогнішча пачынае пералівацца сапраўды містычнымі колерамі.

Сёлета гулянне распачалося са сцэны, якая знаходзіцца недалёка ад канала Агінскага. Там слонімскія артысты паказалі спектакль “Прымакі”, а мясцовыя эстрадныя выканаўцы праспявалі шэраг народных песень. Потым усе перайшлі да канала, дзе запалілі касцёр, а таксама мясцовыя пажарнікі стварылі некалькі штучных фантанаў…

Дарэчы, святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх краінах Еўропы: Янаў дзень – у Балгарыі, святы Ян – у Венгрыі, Сан-Хуан – у Іспаніі, Ліга – у Латвіі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара