Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін у Лідзе



Паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін з творчым візітам наведалі Ліду. Сустрэчы з літаратарамі прайшлі ў Лідскім каледжы і літаратурным філіяле гісторыка-краязнаўчага музея.

DSCF5079

Падчас імпрэз паэты чыталі свае вершы, Эдуард Акулін выконваў свае песні пад гітару, расказвалі аб сваіх апошніх зборніках. Некаторыя з іх яны падаравалі літаратурнаму музею Ліды, за што ў сваю чаргу атрымалі ў падарунак зборнікі мясцовых літаратараў.

Па словах Леаніда Дранько-Майсюка, было тым больш прыемна, што адна з творчых сустрэча адбывалася ў доме, дзе калісьці жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай:

– І мне прыемна, што ёсць дом Валянціна Таўлая. Ён стаіць у цэтры Ліды. Тут пануе беларускі дух. І гэта цешыць і радуе, што наш беларускі далягляд не звужаецца, нягледзячы ні на што, а захоўвае сваю прастору. І ў гэтай прасторы гучаць усё новыя і новыя таленавітыя галасы.

Падчас творчых сустрэч у Лідзе таксама быў прэзентаваны чарговы трынаццаты нумар літаратурнага часопіса “Верасень”, галоўным рэдактара якога з’яўляецца Эдуард Акулін, а аўтарам ідэі стварэння – паэт з Ліды Станіслаў Суднік.

Беларускае Радыё Рацыя, Ліда