Лепель запрашае на свята



576-годдзе свайго заснавання адзначыць 12 верасня горад Лепель.  Упершыню ён узгадваецца ў летапісах 1439 года, а росквіт і развіццё Лепеля звязаныя з імем канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі.

lepel_2

Зараз у горадзе пражывае каля васямнаццаці тысяч жыхароў, ён мае прыгожы прыродны ландшафт і некалькі горадаўтвараючых прадпрыемстваў.

Па словах краязнаўцы і журналіста Васіля Матыркі, ёсць шмат розных версій пра паходжанне назвы горада Лепель, але адназначнага адказу няма.

– Першая версія, што ад заняткаў людзей – “лепка”, г.зн. выраб керамікі. Існуе шэраг легенд, напрыклад такая: праязджала праз нашу мясцовасць царыца Кацярына – праехала праз адну вёску і сказала: ”Як тут пышна!”. І існуе ў нас з таго часу вёска Пышна. Праязджала праз гарадок і сказала: ”Ой, а тут яшчэ лепей!”. І назвалі горад Лепелем. Ёсць яшчэ такая байка, што з мястэчка Бягомль, дзе жыў злосны пан, які прыгянтаў сялян, яны ўцякалі бягом у Лепель, бо тут – лепей. Чарговая версія, што ад назвы дрэва ліпы.

У межах свята адбудуцца выстава народных рамёстваў і ваеннай зброі, лазэртаг,  свята ўраджаю „Багач”, канцэртная і танцавальная праграмы, конкурсы і забавы для дзяцей. А таксама пройдуць спаборніцтвы чэмпіянату Беларусі па джып-трыялу і ралі-рэйду.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Лепель

Фота аўтара