Літаратурна-краязнаўчы музей у родавым гняздзе Ажэшкі



Чацвёрты год існуе ў вёсцы Мількаўшчына сапраўдны асяродак мясцовай беларускай культуры: Літаратурна-краязнаўчы музэй. Месціцца ён у будынку былой мількаўшчынскай базавай агульнаадукацыйнай школы імя Элізы Ажэшкі. У гэтым родавым гняздзе Паўлоўскіх, сям’і Элізы Ажэшкі, паўстаў музей, які пашырыўся на ўвесь будынак былой школы.

Яе закрылі ў 2013 годзе. Значная частка матэрыялаў музея прысвечана творчасці гэтай славутай беларускай пісьменніцы, якая пісала па-польску.  Кажа Тацяна Савянкова, дырэктар музея:

— Яшчэ як дзеткі былі ў школе і мы распрацоўвалі план аднаўлення: дзеці малявалі эскізы, што яны хочуць бачыць на гэтай мясціне, і пісалі мы гэта тэкстам, і ў малюнках. Кажуць, як Эліза Ажэшка нарадзілася, дык у мількаўшчынскім садзе запяяў салавей, які дагэтуль маўчаў, што прыйшоў на свет такі чалавек незвычайны. І да нас прыйшла такая пісьменніца: адметная,  славутая. А салаўі і цяпер прылятаюць з бліжэйшых садоў, не пакідаюць нас, значыць — ёсць надзея.

 

Ва ўспамінах жыхароў Мількаўшчыны, Эліза Ажэшка цікавілася, як жывуць сяляне, простыя людзі. З маленства, жывучы ў сядзібе, гулялася з дзецьмі з бедных сем’яў. Чым магла дапамагала іх бядзе, як тады, так і пазней — з’ехаўшы ў Гародню. У памяці вяскоўцаў, Эліза Ажэшка засталася, як вельмі чуллівая, дбайная пра дабрабыт іх продкаў паня.

Пакуль месца знаходжання сядзібы Элізы Ажэшкі ўзарана. Пустка. Толькі прысады і памятны крыж, і камень з памятнай шыльдай. Але, спадзяецца дырэктарка музея Тацяна Савянкова, што прыйдзе той час, калі яна ізноў паўстане, як памяць пра славутую пісьменніцу, грамадскую дзяячку. А для турыстаў цяпер, сярод якіх шмат школьнікаў, дзейнічае музей у яе гонар, які адчынены штодня і без выходных.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя