Літаратурна-музычныя сустрэчы на Дзятлаўшчыне



Так цёплы і шчыра гасцей могуць сустракаць толькі ў навучальных установах Дзятлаўшчыны. Ды такіх гасцей, як бард і журналіст Зьміцер Бартосік, пісьменнік, краязнавец, гісторык Сяргей Чыгрын і дзятлаўскі грамадскі энтузіяст, былы дырэктар спартыўнай школы ў Дзятлаве Валерый Петрыкевіч. У сераду, 1 сакавіка, іх з радасцю віталі настаўнікі і вучні Жукоўшчынскай базавай школы імя Ігната Дварчаніна і Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Настаўнікі і вучні нават і не памятаюць, калі ў іх школах выступалі беларускія літаратары. У юбілейны год беларускага кнігадрукавання Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра гісторыю беларускай кнігі, паказаў рэдкія і арыгінальныя выданні кніг, асабліва ўсіх зацікавілі кніжкі-малюткі. А таксама госць прэзентаваў сваю кнігу пра Дзятлаўшчыну і яе знакамітых людзей “На радзіме Ігната Дварчаніна”.

Зьміцер Бартосік дапаўняў выступленні Сяргея Чыгрына беларускімі песнямі, распавядаў пра гісторыю беларускай бардаўскай песні.

Валерый Петрыкевіч знаёміў настаўнікаў і школьнікаў з творчасцю літаратараў, з тымі добрымі справамі па ўшанаванню пісьменнікаў-землякоў, якія адбываюцца на Дзятлаўшчыне.

Акрамя выступленняў госці праводзілі розныя літаратурныя конкурсы. Асабліва ўсіх зацікавіў конкурс на веданне жыццёвага і творчага шляху  беларускіх пісьменнікаў за апошніх 500 гадоў. Усіх здзівіла сваімі ведамі па беларускай літаратуры вучаніца Гезгалаўскай сярэдняй школы Любоў Смірнова.

У гэты самы дзень Зьміцер Бартосік, Сяргей Чыгрын і Валерый Петрыкевіч наведалі вёску Зачэпічы, дзе нарадзіліся заходнебеларускія паэты Гарасім Прамень, Пятрусь Граніт і Васіль Струмень. Госці ўсклалі кветкі да мемарыяльнага каменя і шыльды гэтым паэтам, якія былі ўстаноўлены летась у цэнтры вёскі.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён