«Лявоніха ў Шэкспіра»



Цягам лета кожную пятніцу парк Жылібера ў Гародні ператвараецца ў пляцоўку традыцыйных беларускіх танцаў. Ля кавярні «У Шэкспіра» група аматараў беларускіх танцаў і музыкі ладзяць бясплатныя майстар-класы для ўсіх ахвотных.

Ініцыятыву распачаў Антось Янкоўскі, узяўшы пры гэтым звычайны касетны магнітафон. Пасля падцягнуліся ахвочыя музыкі і танцоркі, звычайныя жыхары Гародні без адмысловай музычнай і харэаграфічнай адукацыі, якія спрабуюць заахвоціць гарадзенскіх мінакоў на вясёлыя скокі пад лявоніху і падэспань.

Гарманіст этна-вечарыны Андрэй Бароўскі, які сам працуе інжынерам, прызнаецца, што такім чынам выдатна бавіць час.

— Мы ж тут жывём, таму гэта танчым і гэта граем. Адзін дзед падараваў і з таго часу я мучыў мучыў гэты гармонік і дамучыў — нешта граю. Асноўная частка — гэта беларускія танцы: і «Лявоніха» і «Верабейка», і перанятыя мелодыі з Расеі «Месяц» і «Яблычка», але гэта нашы танцы. А таксама спрабуем тое, што граюць нашы суседзі: літоўскія, латышскія танцы. «Сярожа» таксама. Тое, што вы чулі, гэта эстонскія. Так што мы спрабуем усё. Граць заўсёды цікава калі людзі танчаць. Я бачу, што яны ўсміхаюцца і мне гэтага дастаткова.  

Майстар-класы па беларускіх танцах у парку Жылібера будуць працягвацца кожны вечар пятніцы а 8-й гадзіне пакуль не скончацца цёплыя вечары. Таму музыкі і танцоры заахвочваюць гарадзенцаў, як мага хутчэй скарыстацца такой магчымасцю.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня