„Мае вершы нараджаюцца ад моцных пачуццяў”



Навапалачанка Наталля Шыпіла паходзіць з пісьменніцкай сям’і – маці і бацька яе аўтары некалькіх паэтычных кніг. Піша вершы і брат Наталлі – Уладзімір Шыпіла. Маці дзяўчыны, Людміла Мяхедка, вядомая і як аўтар-выканаўца. Таму музычныя здольнасці Наталлі таксама спадчынныя – дзяўчына спявае ў славутым полацкім фальклорным гурце “Варган”. У размове з Наталляй Алесь Аркуш найперш пацікавіўся, колькі песень напісана на яе вершы.

– Ёсць якія мы рабілі з маёй маці, Людмілай Мяхедкай. Ёсць вельмі прыгожы раманс, які спявае Ірына Каралёва на мой верш “Раманс Маргарыты”. Ён на рускай мове. Мы з маці зрабілі пераклад яго і на беларускую мову. Песня вельмі прыгожая, можа нават крыху тэатральная.

DSCN0042

Маці Наталлі Людміла Мяхедка чытае свае вершы.

РР: А што з тваімі вершамі? Ведаю, што яны ўжо друкаваліся ў вялікім друку, напрыклад, у часопісе “Дзеяслоў”. А ці спрабавала іх сабраць разам і ўкласці зборнік?

– У мяне былі такія думкі. Але мне падаецца, што я яшчэ крыху не дарасла да зборніка. Гэта трэба шмат часу і працы, трэба шмат рэдагаваць. Тое-сёе падавалася мне на той момант цікавым, а зараз бачу, што гэта нешта дзіцячае. Але, з іншага боку, калі я чытаю свае некаторыя вершы, якія былі напісаныя некалькі год таму, то думаю, о-го, то нічога дзеўка і пісала. Проста вершы, не ведаю як у каго, а ў мяне нараджаюцца, калі здараюцца нейкія пачуцці, перажыванні, драмы, каханне. Зараз пакуль што душа мая ўлагоджаная, спакойная. Таму хочацца некіх вершаў іншага накірунку. А тыя, што былі, я цяпер не звязваю іх менавіта з сабой, яны проста існуюць у прасторы і часе.

DSCN0208

Наталля з сяброўкай, салісткай гурта „Варган” Ганнай Лутавай.

РР: На Полаччыне, у Полацку, у Наваполацку, ці ёсць нейкая суполка маладых людзей, якія займаюцца літаратурай, пішуць вершы, ці збіраюцца разам? Ці ведаеш, што хтосьці, твайго узросту, побач з табой піша вершы?

– Калі я навучалася ва ўніверсітэце, сябры, з якімі я вучылася, гэта гісторыка-філалагічны факультэт, мае аднагрупнікі таксама пісалі вершы, тады гэта было больш як гульня. Паказвалі адзін аднаму. Зараз на Полаччыне людзі, якіх я ведаю, гэта, па-першае, Стась Сілка, ён таксама мой добры сябар. У яго і стыль мне падабаецца, і тым больш ён іх апрацоўвае пад музыку, у яго нядаўна выйшаў альбом. І канешне, мой брат – Уладзімір Шыпіла. Яго вершы я лічу вельмі таленавітымі. Ягоныя погляды зараз адрозніваюцца ад маіх, і па стылі мы зусім розныя. Але я таксама лічу яго адным з самых таленавітых на Полаччыне. Гэта тыя людзі, якія з майго асяроддзя. Канешне, тых хто піша шмат. Але нехта не хоча паказваць свае вершы, нехта піша ў шуфляду.

DSC00922

Наталля Шыпіла чытае свае вершы на цырымоніі ўручэння літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес” Сяргею Рублеўскаму. Полацак. 2013.

РР: Заўсёды Полацак і Наваполацак адрозніваўся тым, што тут былі актыўныя літаратурныя аб’яднанні. За часамі Уладзіміра Арлова, калі ён тут жыў, то на ўсю Беларусь “грымела” літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”. У Полацку было вядомае літаб’яднанне “Наддзвінне”, якое выдавала кнігі, мела свой альманах. А ці наведваеш ты нейкае мясцовае літаратурнае аб’яднанне?

– Не ведаю што тычыцца іншых літаратурных аб’яднанняў, але вось наваполацкія “Крылы” – там вельмі шмат таленавітых людзей. Але яны больш сталага ўзросту. Па-мойму, са з’яўленнем сацыяльных сетак, моладзь цяпер свае вершы больш паказвае “У кантакце”, на “Фэйсбуку”. То бок, іх можна пачытаць, не выходзячы са сваёй кватэры. Сапраўды, пакуль няма на Полаччыне нейкіх моладзевых творчых суполак.

Гурт „Варган” на Юраўскім фэсце ў в. Андронава Кобрынскага р-на. У цэнтры Наталля Шыпіла.

РР: А хацелася б, каб нешта такое было?

– Канешне, гэта было б цікава. Але трэба каб былі людзі не толькі тыя, якія хочуць паказаць свае вершы, якія “крычаць” пра сваю геніяльнасць, а тыя, хто разбіраецца ў літаратуры, каб кіраўнік быў чалавекам грунтоўным, аўтарытэтным, які можа дапамагчы і з парадамі, і з рэдагаваннем твораў. Бо калі чалавек думае, што ён піша вельмі “крута”, а насамрэч гэта не так, то гэта не вельмі добра, мне падаецца.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара і Таццяны Козік.