«Мары здзяйсняюцца» ў Лідзе



У Лідзе праходзіць 9-ты фестываль для дзяцей і моладзі з інваліднасцю «Мары здзяйсняюцца». Каля ста ўдзельнікаў ад дзесяці спецыялізаваных дзіцячых дамоў з Беларусі ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсных мерапрыемствах.

Лепшыя з іх выступяць сёння ў гала-канцэрце ў сценах Лідскага замка.

Калі папярэднія фестывалі праходзілі пераважна ў сталіцы Беларусі, сёлета Ліда для яго правядзення выбраная не выпадкова, тлумачыць менеджэр праекта дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Свет без межаў» — Таццяна Герасімава:

— Сёлета наш фестываль прысвечаны тэме традыцыі і культуры народаў свету і мы вырашылі, што якраз беларуская традыцыя і культура вельмі яскрава прадстаўлены менавіта ў Лідскім замку. Мы хацелі, каб дзеці дакрануліся да нашай гісторыі, да нашых продкаў, даведаліся, як раней жылі, як гэта было і ўбачылі ўсё сваімі вачыма, бо, на жаль, ў іх няма магчымасцяў часта выязджаць, а  некаторыя з іх увогуле ніколі не бачылі напрыклад замкаў, палацаў.

Сёння ўвечары ў сценах Лідскага замка адбудзецца гала-канцэрт фестывалю «Мары здзяйсняюцца». Сярод іншых удзельнікаў, у канцэрце прымуць удзел вядомыя беларускія гурты Серебряная свадьба і Navi. Пачатак а 19:00. Уваход вольны.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда