“Меч Брачыслава”



Свята сярэднявечнай культуры адзначылі на Замкавай гары ў Браславе. У гэтым годзе была большая колькасць клубаў гістарычнай рэканструкцыі і рамеснікаў, у тым ліку з Польшчы і Літвы. Але наведвальнікаў свята было значна менш, чым у мінулым годзе. Людзі скардзіліся на высокі кошт квіткоў на мерапрыемства, але сапраўдных знаўцаў і аматараў сярэднявечнай культуры гэта не спалохала.

Па словах наведвальнікаў мерапрыемства, хоць гасцей у гэтым годзе было і няшмат, але атмасфера свята ад гэтага горшай не стала.

– З кожным годам тут усё больш і больш удзельнікаў. Асабліва сярод ваяроў. А клубаў дык увогуле штогод становіцца толькі больш. Таму, я думаю, з гожным годам усё будзе толькі лепш.

– Мне ўсё вельмі падабаецца. Я лічу, што такія святы патрэбныя. Сюды прыходзіць шмат людзей, якія могуць далучыцца да беларускай культуры, а таксама да сусветнай культуры. Мне ўтульна на такіх мерапрыемствах. Яны патрэбныя.

– Першы раз на такім мерапрыемстве. Вельмі цікавае шоу. На такім я ніколі не быў. Таму прыедзем яшчэ раз.

Падчас свята адбыўся бой ваяроў, некаторым з іх прыйшлося нават аказваць медыцынскую дапамогу. Маленькія госці свята пабачылі тэатральнае прадстаўленне вулічнага тэатра “VIR” і батлейку пра гісторыю Браслава. Усе жадаючыя маглі паспяваць і патанцаваць разам з гуртамі “Этнаграфічная талака”, “Літы талер” і “NAVI”. А скончылася свята шэсцем з паходнямі, шоу агню і феерверкам.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі