Міхаіл Ляўковіч у Менску з “Дачыненнямі”



У менскай галерэі «БелАрт» адкрылася выстава віцебскага мастака Міхаіла Ляўковіча “Дачыненне”. Мастак вядомы перадусім як аквалерыст, але ў Менску ён прадставіў свой алейны жывапіс.

Міхаіл Ляўковіч паходзіць з Полацку, дзяцінства і юнацтва яго прайшло ў Задзвінні. Але дарослае яго жыццё звязанае з Віцебскам. Тут, у 1976 годзе, ён скончыў мастацка-графічны факультэт педагагічнага інстытута. Выкладае жывапіс, малюнак і кампазіцыю на мастацка-графічным факультэце Віцебскага ўніверсітэта. З 1995 года сябра Беларускага саюза мастакоў.

Працяглы час (1995-2011) Ляўковіч быў старшынёй аб’яднання мастакоў-акварэлістаў „Віцебская акварэль”. Ён з’яўляецца яркім прадстаўніком віцебскай мастацкай школы. Але ягоны алейны жывапіс менш вядомы ў мастацкім свеце. Сярод мэтаў гэтай сустрэчы з гледачамі і было знаёмства з алейным жывапісам мастака.

На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў – Рыгор Сітніца, Уладзімір Савіч, а таксама іншыя вядомыя творцы – Аляксей Марачкін, Георгій Ліхтаровіч, Таццяна Гаранская.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя