Мінкультуры шукае лепшую сучасную песню пра Беларусь



Конкурс «Бела-Тон» аб’яўлены Міністэрствам культуры сумесна з афіцыйным Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Беларускім саюзам кампазітараў, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску першая намесніца міністра культура Ірына Дрыга:

— У конкурсе змогуць прыняць удзел аўтары патрыятычных песень ад 2 да 4,5 хвілін як для сольнага так і для калектыўнага выканання. Выбар прэтэндэнта будзе ажыццяўляць прафесійнае журы. Пры разглядзе музычнага матэрыялу будзе ацэньвацца ягоная меладычная выразнасць, лёгкасць выканання і адпаведнасць характару і зместу тэксту. Песня павінна быць прысвечана Беларусі. Літаратурны ўзровень верша і выкарыстанне літаратурнай мовы.

Пры гэтым арганізатары вырашылі, што да конкурсу дапускаюцца песні і на расейскай мове. Ірына Дрыга спадзяецца, што лепшая патрыятычная песня стане сапраўдным шлягерам і будзе карыстацца попытам на тэлебачанні і радыё.

Заяўкі ад аўтараў прымаюцца с 1 верасня па 1 лістапада. Вынікі абяцаюць абвесціць напачатку 2017 года.

Беларускае Радыё Рацыя