Міжнародны фестываль народнай музыкі ў Паставах



«Звіняць цымбалы і гармонік» — у Паставах праходзіць міжнародны фестываль народнай музыкі. У ім прымаюць удзел народныя і самадзейныя ансамблі і выканаўцы з Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Таксама Паставы наведалі і афіцыйныя дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў. Найбольшае захапленне ў наведнікаў фестывалю выклікае творчы конкурс  выканаўцаў на народных інструментах, які праходзіць пад назвай «Хто каго?»:

— Я наведваю гэтае мерапрыемства штогод і мне вельмі падабаецца: расце майстэрства і ўдзельнікі паказваюць штораз вышэйшы ровень выступаў. Для нас, невялікага раённага мястэчка такія фестывалі ўносяць нейкую плынь пазітыву, уздыму.

— У палацы навукова-практычная канферэнцыя спадабалася, юбілей ансамбля «Паазер’е», выступ аркестра Жыновіча.

Пад эгідай фестывалю прайшоў і адкрыты чэмпіянат па касьбе, які атрымаў сёлета статус міжнароднага. У ім прынялі ўдзел касцы з Беларусі, Польшчы і Расеі. У апошні дзень фестывалю наведнікаў чакае канцэрт класічнай музыкі, тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, і заключны гала-канцэрт.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара