“Мова нанова”: заняткі для дзетак і выступ гурту „Shuma”



У Гародні адкрылі новы сезон моўных курсаў “Мова нанова”. Пры адкрыцці курсаў наведвальнікаў чакала некалькі сюрпрызаў. Планавалася, што новы сезон курсаў пачнецца ў будынку гарадзенскага Дома сувязі. Аднак нечаканы “прарыў трубаў” – і слухачам курсаў давялося вярнуцца на пастаяннае месца правядзення – у офіс грамадскага аб’яднання “Трэці Сектар”.  Першымі заняткамі ў гэтым сезоне сталі заняткі для дзетак, куды бацькі прывялі амаль два тузіны дзетак, а самым нечаканым сюрпрызам стаў выступ гурта “Shuma”.

Пра заняткі для дзетак распавядае іх вядоўца Вольга Астроўская:

– На маю думку, першы занятак адбыўся вельмі эмацыйна. Усе – як бацькі, так і дзеці – стараліся прымаць удзел. Яны актыўна паўтаралі практыкаванні, ім цікава было, што будзе далей, з радасцю малявалі. Я нават не чакала, што прыйдзе такая вялікая колькасць дзяцей. Разлічвалі на меншую колькасць.

Ігар Кузьмініч, які прывёў на сустрэчу дваіх дзетак:

– Спадабалася, што ёсць адмысловы курс для дзяцей, дзе яны могуць не проста навучацца мове, а дзе фактычна ствараецца асяроддзе. Чаго не хапіла? Больш складаных заданняў для дзетак 10-11 гадоў.

Руся – спявачка гурту “Shuma”:

– Мы сёння зарадзіліся Гародняй, пагулялі, паглядзелі на Нёман, схадзілі ў Каложскую царкву. Таксама мы падрыхтавалі на заняткі адмысловую песню.

Напрыканцы сустрэчы гурту “Shuma” зрабілі нечаканы падарунак. Вера Кунцэвіч, кіраўнічка гарадзенскага хору “Бацькаўшчына”, падаравала дзяўчатам паштоўкі і свой камертон, які правандраваў з ёй на выступах хору амаль сорак гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня