Музей з Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы



Унікальны этнаграфічны музей створаны ў Новадзявяткавіцкай сярэдняй школе Слонімскага раёна. Сёлета ў ім адбылася сур’ёзная рэканструкцыя. Музей значна аднавіўся, ён стаў сучасным і прыгожым, а экспазіцыйныя і архіўныя матэрыялы сістэматызаваны і дапоўнены.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах настаўніцы ангельскай мовы, кіраўніка музея Таццяны Ракуць, “мы максімальна ўлічылі спецыфіку нашага музея, як музея сельскай школы. Такі музей, акрамя вучэбна-выхаваўчых задач, павінен вырашаць у першую чаргу задачу выхавання ў дзяцей з самага маленства любові да зямлі-карміцелькі, да нялёгкай сялянскай працы, любоў да роднай мовы і культуры”.

Школьны этнаграфічны музей штогод наведваюць больш за дзве тысячы гасцей, праводзіцца каля 200 экскурсій. Сёння ў ім налічваецца больш за тысячу каштоўных экспанатаў. Асабліва цікавымі і каштоўнымі з’яўляюцца рэдкая ікона 1894 года, сякера 1915 года, адбойнік-інструмент для шліфоўкі каменных прылад працы, кавалак біўня маманта, гадзіннік 1892 года, клад срэбных і медных манет (42 штукі), знойдзены на месцы палаца магнатаў Мялешкаў на Слонімшчыне, старыя бутэлькі, лямпы, патэфон, ткацкія вырабы, кросны, сукала, ручнікі, чарніліцы, сукалы, драўляныя пранікі і іншыя. Шмат у музеі розных старых выданняў. Гэта беларускі Буквар Надзеі Сіўко, 1961 года, падручнік арыфметыкі, 1958 года, кніга А.Грыбаедава “Гора ад розуму” на беларускай мове 1949 года, дзяржаўны Акт на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі 1963 года і шмат іншых.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.