«Мядовую прэмію» за 2016 год уручылі Міколу Сянкевічу



Лаўрэат атрымаў пуд мёду. Уручэнне прыпала на пасяджэнне Берасцейскай абласной Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў.

«Паколькі сёлета Рада прамаўчала, то вырашыў сам аддаць Сянкевічу — за сумарны ўнёсак у літаратуру і ў сувязі з юбілеем», — пракаментаваў фундатар прэміі, паэт-пчаляр Мікола Папека. І, нядоўга думаючы, дадаў чарговую папекаўку: «І як магчымаму прапраўнуку класіка — Нобелеўскага лаўрэата».

Такім чынам, міжнародная з 2013 года прэмія (лаўрэаткай стала паэтка з Валыні Ніна Горык) сёлета не пакіне межаў рэгіёна. Агулам спадар Папека выдаў літаратарам 256 кілаграмаў мёду (16 разоў па 16 кг).

На сваім сходзе пісьменнікі абмеркавалі і скандальнае рашэнне Міністэрства культуры, паводле якога СБП не быў уключаны ў спіс творчых арганізацый.

Абласная рада СБП вырашыла адрэагаваць адэкватна. Маўляў, чыноўнікі ў чарговы раз сапсавалі паветра. А ў такім разе, як водзіцца сярод цывілізаваных людзей, робім выгляд, што не заўважылі, але далей пабачым. Было вырашана пацвердзіць вылучэнне на прэмію імя Уладзіміра Калесніка твораў арганізаваных у СБП берасцейскіх літаратараў і прапанаваць мясцовым уладам шэраг мер дзеля паляпшэння, а то і ўратавання статусу і прэстыжу літаратуры, культуры, беларускай мовы.