Мядовы Спас у Глыбокім



Мядовы Спас – праваслаўнае свята, якое ўпершыню адзначылі ў Глыбокім у шырокім маштабе.  Яно адбылося на цэнтральнай плошчы горада і сабрала аматараў мёду, пчаляроў і іншых зацікаўленых асобаў.

spas-8

Падчас адкрыцця свята кіраўнік раёна Алег Морхат зазначыў, што на Глыбоччыне ўдалося захаваць пчалярства нават у сяльгасгаспадарках. Зараз там налічваецца каля 2000 пчоласем’яў. Да таго ж ёсць і шмат прыватнікаў, якія разводзяць пчол.

Найлепшым пчалярам Глыбоччыны на ўрачыстасці былі ўручаныя падзякі за іх шматгадовую працу. Па словах  Антона Ясюковіча, які мае стаж працы пчаляром 25 год і на дадзены момант даглядае 114 пчаліных сем’яў, цяпер праца пчаляра прыносіць больш задавальнення, чым прыбытку.

– Працаваць трэба вельмі шмат, асабліва летам. Практычна няма вольнага часу. Зімой крыху лягчэй, але тады трэба і вуллі рамантаваць, і рамкі, і воск тапіць. У гэтым годзе толькі трэцюю частку ад мінулагодняга мёда адкачалі. Ліпень быў халодны, а ў нас асноўны мёдазбор ідзе, калі цвітуць кветкі.

У межах свята прайшоў мядовы кірмаш, выстава-дэгустацыя мёду, продаж  зёлак і прыладаў для пчалярства. А таксама адбыўся  канцэрт, у ходзе якога быў зладжаны аўкцыён мёду. Атрыманыя ад яго сродкі пойдуць на пабудову праваслаўнага храма Архістратыга Божага Міхаіла, будаўніцтва якога ўжо распачалося ў Глыбокім.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара