На Дзятлаўшчыне ўшанавалі чатырох беларускіх паэтаў



У вёсцы Труханавічы Дзятлаўскага раёна ў суботу, 8 кастрычніка,  адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай шыльды на хаце, дзе жыў заходнебеларускі паэт Нікіфар Жальба (Аляксандр Бяленка).

p1240154

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел грамадскія актывісты з Дзятлава, кіраўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама, супрацоўнікі Дзятлаўскага краязнаўчага музея, настаўнікі і вучні, а таксама творчая інтэлігенцыя са Слоніма, Ліды, Гародні.

Дык хто ж такі быў паэт Жальба, якога ўшанавалі на Дзятлаўшчыне? Гэта быў юнак з вёскі Гірычы. Звалі яго Аляксандр Бяленка, а літаратурны псеўданіў быў у яго – Нікіфар Жальба.

Пражыў Аляксандр Бяленка (1898-1991) 93 гады на роднай Дзятлаўшчыне: нарадзіўся ў вёсцы Гірычы, але пабудаваў сабе хату і жыў з сям’ёй у суседняй вёсцы Труханавічы.

Першыя допісы Жальбы з’явіліся ў газетах “Наш сцяг” і “Змаганне” яшчэ ў 1923 годзе. Вясковы пазаштатны карэспандэнт паведамляў пра сваю вёску Гірычы і пра тое, як вяскоўцы атрымліваюць беларускую прэсу.

У 1926 годзе ў “Беларускай ніве” Жальба друкаваў розныя вясковыя здарэнні, якія адбываліся ў вёсках Дзятлаўшчыны, а ў газеце “Жыццё вёскі” за 1925 год апісваў цяжкае жыццё сваіх вяскоўцаў, называючы яго “безнадзейным палажэннем”.

Разам з рознымі допісамі, найперш пра культурную працу свядомай беларускай моладзі на вёсцы, Нікіфар Жальба спрабуе пісаць і дасылаць у Вільню і свае вершы. Ён пісаў пра тое, што, найперш, хвалявала пры Польшчы беларускіх сялян. У сатырычным вершы “Неаплатная ласка”, які быў апублікавана ў часопісе “Авадзень” (1925, №2), аўтар напісаў пра тое, як сяляне з цяжкасцю плоцяць падаткі, аддаючы ўсё да апошняй капейкі.

У 1930-х гадах паэт Жальба шмат піша, актыўна супрацоўнічае з беларускімі віленскімі выданнямі, друкуецца на старонках часопіса “Шлях моладзі”. Пісаў ён аб тым, што бачыў, што перажыў, што хвалявала яго. І хоць вершам вясковага паэта часам не хапала лірычнай глыбіні, адзінства думкі і эмоцый, яны былі праўдзівыя, напісаныя ад шчырага сэрца, з целынёй і дабрынёй.

Падрыхтаваў і свой першы зборнік вершаў Жальба, але ён так і не пабачыў свет. На землі Заходняй Беларусі прыйшла савецкая ўлада, а потым – вайна, падчас якой Аляксандр Бяленка быў сувязным партызанскага атрада, ён распаўсюджваў зводкі савецкага Інфармбюро.

З другой паловы ХХ стагоддзя Н.Жальба (Аляксандр Бяленка) жыў з сям’ёй у вёсцы Труханавічы на Дзятлаўшчыне і асабліва ў вялікія паэты не лез, друкаваўся толькі ў мясцовым раённым друку і сяды-тады яго вершы траплялі ў абласную прэсу. Праўда, Уладзімір Калеснік адзін яго верш змясціў у зборніку заходнебеларускай паэзіі “Ростані волі” (Мн., 1990).

На вялікі жаль, паэтычная творчасць Н.Жальбы да сённяшніх дзён не сабрана пад адну вокладку і не выдадзена асобнай кніжкай.  Хаця вельмі шмат у яго вершаў, якія варта захаваць для нашчадкаў.

У адным з паэтычных твораў, які Н.Жальба прысвяціў свайму народу, ён пісаў:

…Хай цвёрдую ў сэрцы надзею

Нясуць перамогі над злом.

Нас выбіць ніхто не здалее

Турмою, жалезам, агнём!

(“Шлях моладзі”, 1937, №1).

З вёскі Труханавічы ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці ў той дзень пераехалі ў вёску Зачэпічы Дзятлаўскага раёна. Вёску Зачэпічы літаратуразнавец Уладзімір Калеснік некалі называў “гняздом паэтаў”. Гэта, сапраўды, так. У Зачэпічах да Другой сусветнай вайны нарадзіліся і жылі беларускія паэты Гарасім Прамень (Іван Пышко), Васіль Струмень (Аляксандр Лебедзеў) і Пятрусь Граніт (Іван Івашэвіч), якія друкавалі свае творы ў віленскіх беларускіх выданнях.  У цэнтры вёскі Зачэпічы ў гэты дзень адкрылі мемарыяльны знак, прысвечаны Гарасіму Праменю, Васілю Струменю і Пятрусю Граніту.

На адкрыцці мемарыяльнага знаку выступілі пісьменнікі Аляксей Пяткевіч, Сяргей Чыгрын, Станіслаў Суднік, Валянцін Дубатоўка, Леанарда Юргілевіч, а таксама супрацоўнікі Дзятлаўскага краязнаўчага музея, землякі паэтаў.

Падчас ушанавання паэтаў свае песні на іх словы спяваў бард з Ліды Сяргей Чарняк, а народныя песні выконваў ансамбль “Прымакі” з Дзятлава. Вучні са школ Дзятлаўскага раёна чыталі вершы паэтаў. Цікава і тое, што на ўшанаванне сваіх землякоў прыйшлі амаль усе жыхары вёскі Труханавічы і Зачэпічы, прыехалі дзеці і ўнукі паэтаў, якія са слязамі на вачах дзякавалі арганізатарам мерапрыемстваў за ўшанаванне іх родных людзей.

Да ўстаноўкі шыльды ў гонар Нікіфара Жальбы і мемарыяльнага знаку Граніту, Праменю, Струменю шмат намаганняў і сілы прыклалі дзятлаўскі грамадскі актывіст Валерый Петрыкевіч і слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

https://www.youtube.com/watch?v=TMmJInFuANo&feature=youtu.be

p1240129

p1240132

p1240134

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота: Барыс Баль, Якуб Сушчынскі

Відэа: Якуб Сушчынскі