На Глыбоччыне праходзіць эка-этна фестываль «Эка Лэнд 2016»



Другі дзень на Глыбоччыне праходзіць эка-этна фестываль «Эка Лэнд 2016». Яго ўпершыню ладзяць на сваёй пляцоўцы гаспадары эка-турыстачнай сядзібы «Утрына» у вёсцы Маргі разам з рэкламным агенцтвам «Камільфо».

На фэст завіталі рамеснікі з экалагічна-чыстымі вырабамі, у тым ліку для дзяцей. Фэст наведаў і шэф-кухар з памочнікам менскага рэстарана «Чэхаў», які паказаў майстар-клас па прыгатаванні страў для звычайнага беларуса. А таксама музычныя калектывы з Падсвілля.

Ідэя фэсту належала гаспадару экатурыстычнага комплекса «Утрына» Раману Мельнічэнку, які паведаміў, што і надалей мае намер праводзіць падобныя фестывалі.

— Фестываль ладзіўся для таго, каб заявіць і пачаць працаваць на міжнароднай арэне. Тым больш, што да нас ужо ёсць замова з такім унікальным праектам для Беларусі, як «Міс экстрым», у якім ужо хочуць удзельнічаць 35 краін.

Гаспадары абяцаюць наведвальнікам сустрэчу з сапраўднымі індзейцамі з Эквадора, паказ экалагічнага адзення, лекцыі і семінары па здаровым ладзе жыцця, эка-маркет і эка-дэгустацыі, катанне на хасках і конях, лазню па-чорнаму і шмат іншых забаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя